Пошук

23.11.2018 10:24   Паводле: eucharystki.wordpress.com / Catholic.by

У ноч з 19 на 20 лістапада на 95-м годзе жыцця адышла ў вечнасць сястра Эдварда Мароз, эўхарыстка. Яе пахаванне адбылося 21 лістапада ў Друі.

Эдварда Мароз нарадзілася 8 чэрвеня 1924 г. у вёсцы Крыцэвічы Мёрскага раёна. У снежні таго ж года была ахрышчана ў Друі, сакрамэнт бежмавання прыняла ў 1938 г. у Ідолце.

У сям’і панаваў дух сапраўднай любові да бліжняга. Будучая законніца скончыла 4 класы пачатковай школы, а калі мела 10 гадоў, памерла яе мама. Пазней Эдварда выехала на Урал, куды скіроўвалі «дабравольцаў». Там яна цяжка фізічна працавала на будове чыгункі.

У законніцкую супольнасць Служак Езуса ў Эўхарыстыі прыйшла ў 1958 г. у Ідолце. У красавіку наступнага года была прынятая ў навіцыят. Першыя законныя абяцанні прынесла 13 лістапада 1960 г. у Ідолце. З 1958 г. працавала там як сакрыстыянка, а таксама дапамагала ў гаспадарчых працах у доме.

З 1959 г. на працягу 20 гадоў працавала ў саўгасе. Гэта была вельмі цяжкая праца, якая тым не менш не давала неабходных сродкаў на ўтрыманне. Хоць с. Эдварду паважалі за добрасумленнае выкананне абавязкаў, аднак кожны раз дакучалі за імкненне быць на св. Імшы.

Нягледзячы ні на што, сама законніца ў адносінах да людзей была вельмі адкрытая, блізкая да кожнага, ніколі не абыякавая. У 2001 г. яна была пераведзена ў Слабодку, дзе дапамагала ў гаспадарчых працах па доме. З 2005 г. пастаянна жыла ў доме супольнасці ў Друі.

Сястра Эдварда з маленства любіла малітву. У апошнія гады жыцця, калі яна ўжо не магла фізічна працаваць так, як раней, малітва стала яе галоўным заняткам і служэннем.

Сёстры ў Друі ў сваіх патрэбах звярталіся да с. Эдварды з просьбай аб малітве. І гэтая малітва прыносіла плён. Як сведчаць сёстры з супольнасці, яна малілася ўвесь час, за выключэннем сну і пасілкаў. Сястра Эдварда памятала ў сваіх малітвах пра ўсіх, хто імкнуўся ісці за Божым заклікам: пра дзяцей, моладзь, а асабліва клерыкаў, святароў, сясцёр, і прасіла аб ласцы вытрымкі ў пакліканні.

Сястра Эдварда жыла ў тыя часы, калі святароў забіралі ў турмы, забаранялі хадзіць у касцёл, пераследвалі вернікаў. Яна ведала, як цяжка жыць без святарскай паслугі, і жыла вераю ў тое, што святары, выбраныя Езусам, выконваюць Яго місію. Сястра Эдварда адзначалася вялікай павагай і ўдзячнасцю святарам.

Святая Імша як галоўны момант дня для сястры Эдварды былі не проста словы: гэта была надзённая патрэба яе жыцця. Яна вельмі перажывала, калі па стане здароўя не магла штодзённа быць у касцёле, і вельмі радавалася, калі ў Інтэрнэце з’явілася трансляцыя св. Імшы.

Адышоўшы да Пана, Яго верная слуга сястра Эдварда Мароз пакінула сёстрам прыклад жыцця, адданага Богу і бліжнім, а таксама смутак у сэрцы па яе шчырай добразычлівай прысутнасці і ўсмешцы.

Абноўлена 23.11.2018 12:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа