Пошук

15.11.2018 17:10   Catholic.by

15 лістапада ў курыі Віцебскай дыяцэзіі адбылося 73-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

У чарговым пасяджэнні бралі ўдзел усе члены ККББ за выключэннем дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

На пачатку слова ўзяў Апостальскі Нунцый, які звярнуў увагу на найбольш актуальныя справы жыцця Касцёла ў Беларусі.

Іерархі заслухалі справаздачу старшыні ККББ арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча аб Сінодзе Біскупаў на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання», які праходзіў у Ватыкане з 3 па 28 кастрычніка і ў якім ён прымаў удзел.

Таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пазнаёміў прысутных з актуальным станам працы над пагадненнем паміж Касцёлам і дзяржавай.

На пасяджэнні, згодна з патрабаваннем ватыканскай Кангрэгацыі Веравучэння, пры ККББ была ўстаноўлена новая камісія па справах абароны малалетніх.

ККББ зацвердзіла:

- ксяндза Андрэя Зноску кансультантам па юрыдычных пытаннях пры ККББ;
- ксяндза Аляксандра Уласа дырэктарам інтэрнэт-партала catholic.by.

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB быў прызначаны адказным за распрацоўку канцэпцыі Тэалагічнай акадэміі імя св. Яна Паўла ІІ.

Іерархі зацвердзілі тэму наступнага душпастырскага года ў Касцёле ў Беларусі: «Сям’я — крыніца радасці і надзеі моладзі».

Біскупы абмеркавалі пытанне пра выкарыстанне матэрыялаў, падрыхтаваных Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ, і прынялі рашэнне, што выкарыстоўваць (перадрукоўваць, выдаваць) гэтыя матэрыялы можна толькі з афіцыйнага дазволу епіскапату.

Быў зацверджаны ліст ККББ на «семінарыйную» нядзелю, якая прыпадае на ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету.

Епіскапат разгледзеў пытанне культу цудатворнага абраза Маці Божай Бялыніцкай і прыняў рашэнне звярнуцца ў Кангрэгацыю Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў з просьбай аб уключэнні свята Маці Божай Бялыніцкай у літургічны каляндар Касцёла ў Беларусі.

Біскупы заслухалі прапанову фонду «Адкрытыя сэрцы» ў сферы сям’і і захавання жыцця, а таксама на тэму ідэалогіі гендар, і прынялі да ўвагі гэтую інфармацыю.

Наступнае пасяджэнне запланавана на 5 сакавіка 2019 г. у Мінску.

Абноўлена 19.11.2018 14:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа