Пошук


2 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў набажэнства на Кальварыйскіх могілках у Мінску.

Пасля набажэнства іерарх цэлебраваў св. Імшу ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа.

«Кожны дзень паміраюць сотні тысяч людзей і столькі ж вырастае магіл, якія нагадваюць аб той праўдзе, што чалавек створаны з праху і ў прах вернецца», — адзначыў арцыбіскуп у сваёй гаміліі падчас Імшы.

 

Ад яе не схавацца, бо прыходзіць нечакана

Як дадаў іерарх, жыццё плыве, як вада ў рацэ, і ніколі не вяртаецца назад.

«Думка пра смерць — гэта найлепшая філасофія жыцця, якая заклікае па-іншаму глянуць на яго, — сказаў арцыбіскуп. — Людзі па-рознаму называюць смерць. Для адных гэта забойца. Для іншых – лекар.

Яна прыходзіць да беднага і багатага, вучонага і простага чалавека, камандзіра і жаўнера, свецкай асобы і духоўнай. Для яе нічога не значаць ні ўзнагароды, ні пасады; яна не глядзіць на ўзрост і на выгляд чалавека — усіх вядзе ў магілу.

Смерць не мае языка, нікога не папярэджвае аб сваім прышэсці і часта прыходзіць зусім нечакана, як злодзей уначы. З ёй нельга дыскутаваць і судзіцца, бо няма такога суддзі, які мог бы яе пасадзіць у вязніцу. Яна нікога не саромеецца і паўсюль ўціскваецца без запрашэння. Прыходзіць у простыя дамы і ў палацы, на працу і вучобу, у аўтамабілі і цягнікі, самалёты, караблі... Ніхто перад ёй не можа схавацца.

У той жа час смерць называюць лекарам, і нават вельмі добрым. Але не цела, а душы.

Думка пра смерць аздаравіла душу не аднаго чалавека са смяротнай хваробы граху. Як шмат людзей падчас пахавання сваіх блізкіх упарадкоўваюць свае духоўныя справы, напрыклад, спавядаюцца, бяруць шлюб і г.д.

Смерць раздзяляе цела і душу. Яна завяршае зямны шлях чалавека і час заслугаў. З’яўляецца пераходам у вечнасць. Святло свечак і знічаў на могілках акурат і з’яўляецца адлюстраваннем вечнага святла, у якім знаходзяцца збаўленыя».

Звяртаючыся да прысутных, іерарх дадаў: «Чаму людзі прыходзяць на могілкі, калі вельмі часта іх называюць „каралеўствам памерлых“? Прыходзяць, бо вераць у вечнае жыццё, вераць, што іх блізкія памерлыя жывуць.

Могілкі — гэта не „каралеўства памерлых“, але каралеўства жывых. У прэфацыі за памерлых вызнаём веру ў тое, што жыццё верных змяняецца, але не завяршаецца. Хрыстус таксама кажа, што той, хто верыць у Яго, хаця б і памёр, будзе жыць вечна».

Кальварыя як месца смерці і ўваскрасення

«Аднойчы дзядуля ішоў з унукам па могілках. Хлопчык, пазіраючы на помнікі, спытаў дзядулю, што яны азначаюць, — расказаў адзін выпадак іерарх. — Дзядуля адказаў, што гэта помнікі людзей, якія жылі ў нармальных дамах на зямлі, але Бог іх паклікаў, каб жылі ў Яго доме.

Тады хлопчык сказаў, што могілкі — месца, дзе людзі пакінулі свае адзенні. Ці можа быць лепшае тлумачэнне пра пераход з адной фазы жыцця ў другую?

Сімвалічна і тое, што мы знаходзімся на Кальварыйскіх могілках. Як вядома, Кальварыя — гэта ўзгорак, на якім на крыжы памёр Езус. Але зусім побач, пад адным дахам, знаходзіцца пустая магіла Езуса. Таму Кальварыя — гэта месца не толькі смерці Хрыста, але і Яго ўваскрашэння.

Дзе знаходзяцца душы нашых памерлых? У небе, чыстцы ці пекле? Невядома. Аднак мы верым у бязмежнасць Божай міласэрнасці і спадзяёмся, што, калі яны пакуль не ў небе, то прынамсі ў чыстцы.

Час заслугаў для іх завяршыўся, і толькі мы можам прыйсці да іх з дапамогай. Таму трэба спяшацца з дапамогай да іх, бо потым яны будуць дапамагаць нам. Таксама і Бог будзе нам дапамагаць. Молячыся за памерлых, мы павінны памятаць і пра сябе, пра тое, як жывём, бо прыйдзе час і нам стаць перад Богам як суддзёй».

 

На завяршэнне гаміліі арцыбіскуп сказаў: «Сённяшні ўспамін усіх памерлых скіроўвае да нас голас перасцярогі і глыбокай навукі.

Магілы — гэта не толькі гістарычныя сведкі таго, што калісьці на зямлі жылі тыя ці іншыя людзі. Не, магілы жывуць і прамаўляюць: „Mementro mori“ (Памятай пра смерць). Няхай гэтая памяць і наша малітва дапамогуць памерлым дасягнуць вечнага шчасця ў небе, а нам — жыць згодна з Божым законам, каб потым далучыцца да іх у нябеснай славе».

Абноўлена 03.11.2018 01:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.