«Карнавал Святых» у парафіі Божага Цела ў Нясвіжы — новая цікавая падзея для дзяцей і моладзі, якая становіцца ўжо традыцыяй.
Падрыхтоўкай карнавалу займаюцца с. Яніна і с. Галіна. Дзеці і моладзь абіраюць святых, жыццё якіх натхняе, і з дапамогай бацькоў робяць сабе касцюм святога.
Некаторым больш падабаюцца ўсім вядомыя св. Францішак і св. Антоній, св. Агнешка, св. Барбара, св. Фаўстына. Іншым — магчыма, не такія вядомыя, але якія з’яўляюцца іх апекунамі, як, напрыклад, св. Станіслаў Костка.
Некаторыя абіраюць святых, якія сваё духоўнае жыццё правялі ў кляштары ў малітве і пакаянні: св. Тэрэзу ад Дзіцяткі Езуса, якая стала апякункай місій. Яшчэ камусьці даспадобы вобраз святых, якія абаранялі веру з мячом у руках, як Жанна д’Арк.
Канешне, былі дзяўчынкі ў вобразе Найсвяцейшай Панны Марыі. Кожны падрыхтаваў кароткую гісторыю з жыцця святога, у касцюме якога ён прыйшоў на карнавал, што сёлета супаў з пачаткам восеньскіх канікул у дзяцей.
Законныя сёстры падрыхтавалі для дзяцей і моладзі разнастайныя конкурсы з уручэннем падарункаў. Дзеці гулялі, танчылі і спявалі, а таксама адказвалі на пытанні сясцёр у конкурсах. Бацькі, у сваю чаргу, рыхтавалі для ўдзельнікаў вячэру і слодычы.
Карнавал прайшоў у парафіі перад урачыстасцю Усіх Святых, якую Паўсюдны Касцёл адзначае 1 лістапада.