Пошук

29.10.2018 15:28   Валянціна Міхайлоўская / Catholic.by

28 кастрычніка ў касцёле святога Юзафа ў Маладзечне адкрылася мастацкая выстава «Святло абразоў».

Аўтар экспазіцыі — мясцовая мастачка Ядвіга Сянько. Выстава арганізавана па ініцыятыве ксяндза прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, пробашча парафіі.

Адкрыццю выставы папярэднічала вялікая падрыхтоўка: рамонт дольнага касцёла (якраз там і знаходзяцца творы мастацтва), рэканструкцыя сістэмы асвятлення, набыццё сучаснага абсталявання для экспазіцыі.

Мастачка Ядвіга Сянько стварыла ўжо больш за дзве тысячы абразоў і карцін на хрысціянскую тэму. Яе работы можна ўбачыць у многіх святынях Беларусі і некаторых музеях краіны. Мастацкія творы, напісаныя Ядвігай Сянько, знаходзяцца ў прыватных калекцыях ва Украіне, Расіі, Арменіі, краінах Балтыі, Польшчы, Германіі, Італіі, Францыі, Англіі, ЗША, Бельгіі.

«Я вельмі ўдзячна сваім бацькам, якія заклалі ўва мне духоўны фундамент! — сказала на адкрыцці выставы мастачка. — У нашым доме ўсе з вялікай пашанай ставіліся да абразоў, захоўвалі пост, споведзь была абавязковай. Яшчэ з дзяцінства мы ўсе разам ездзілі ў Краснае на Імшу, бо тады ў Маладзечне не было касцёла».

Свой першы абраз — «Сэрца Марыі» — Ядвіга напісала ў 20 гадоў для касцёла ў вёсцы Краснае, абраз і зараз знаходзіцца там.

На адкрыцці выставы ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі зазначыў: «Калі мы глядзім у вочы святых асобаў на выявах, адчуваецца замілаванне, цеплыня і сапраўднае святло. Абразы прыцягваюць да сябе не толькі прыгажосцю і гармоніяй фарбаў, але і ўнутраным багаццем Божай творчасці. Толькі Бог можа надзяліць чалавека такім талентам і натхненнем!»

Наведвальнікі выставы пры жаданні могуць таксама набыць любы твор мастачкі. Ядвіга Сянько ахвяруе частку ганарару ад продажу на карысць касцёла святога Юзафа ў Маладзечне.

Вернісаж можна наведаць да 16 снежня ўключна, па нядзелях — з 12 да 16 гадзін.

 

Абноўлена 29.10.2018 17:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.