Напярэдадні месяца малітвы за памерлых у выдавецтве «Про Хрысто» выйшла новая кніга польскага тэолага і хрысціянскага дзеяча Анджэя Вронкі «О чистилище. Как помочь душам в чистилище».
Згодна з вучэннем Каталіцкага Касцёла пра чысцец мы верым, што пасля смерці чалавека яго душа, маючы на сабе плямы граху, перажывае стан ачышчэння.
«Гэтыя душы вельмі горача моляцца, — піша св. Фаўстына, — але безвынікова для сябе — толькі мы можам прыйсці ім на дапамогу» («Дзённік», 20).
Аўтар кнігі Анджэй Вронка на канкрэтных прыкладах містычных бачанняў некаторых святых і містыкаў (сястра Фаўстына, айцец Піо, Марыя Сіма), а таксама спасылаючыся на Святое Пісанне і дакументы Каталіцкага Касцёла, спрабуе наблізіць да нас рэчаіснасць чыстца. Як мы можам дапамагчы душам у чыстцы? Ці варта казаць хвораму пра хуткую смерць? Як падрыхтаваць канаючага чалавека да сустрэчы з Богам? На ўсе гэтыя і іншыя пытанні А. Вронка дае зразумелыя і адказы.
Варта звярнуць увагу на апошні раздзел выдання, які складаюць малітвы за канаючых і памерлых. Нашая малітва як поўная даверу размова з Богам — гэта часта самая вялікая і найбольш эфектыўная дапамога душам.
Прабываючы ў еднасці святых Касцёла пілігрымуючага (на зямлі), церпячага (у чыстцы) і трыумфуючага (у небе), будзем жа аднадушна трываць у малітве, з вераю заступаючыся адзін за аднаго перад Богам.