Пошук

08.04.2026 20:53   Catholic.by

11 красавіка ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе, а таксама ў парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пройдуць набажэнствы ў шосты дзень Агульнабеларускай навэнны, дзякуючы якой Касцёл у Беларусі рыхтуецца да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і якая з’яўляецца выразам удзячнасці Богу за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Нагадаем, што з распараджэння арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусіпа ініцыятыве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з 4 кастрычніка 2025 года па 6 чэрвеня 2026 года ў галоўным беларускім марыйным санктуарыі і ў парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбываецца Агульнабеларуская навэнна «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!»

«Праз набажэнства да Найдаражэйшай Крыві будзем дзякаваць Богу за Яго літасць да свету і да нашай Айчыны, да ўсіх нас, нашых сем’яў і супольнасцяў, дзякаваць за плён аднаўлення структураў Касцёла ў Беларусі, а таксама будзем прасіць аб спакоі ў свеце, давяраючы Яму лёс свету і лёс кожнага чалавека, лёс нашай краіны»,

— тлумачыць мэту правядзення Навэнны арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Асноўным днём, прызначаным для супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі і набажэнства, прысвечанага Найдаражэйшай Крыві Хрыста, з’яўляецца кожная першая субота месяца на працягу ўсяго перыяду падрыхтоўкі  да ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, якая адбудзецца 4 ліпеня 2026 года. Першая субота красавіка выпала на Святы Пасхальны Трыдуум, таму набажэнства было перанесена на адзін тыдзень пазней.

Адказнымі за правядзенне шостага дня навэнны ў Будславе вызначаны айцы міхаліты і сёстры Маці Божай Міласэрнасці.

Заклік навэнны на красавік 2026 года: «Кроў Хрыста, крыніца міласэрнасці, — выбаў нас».

Інтэнцыя: Перапрашэнне Божай Міласэрнасці і прысвячэнне Мінска-Магілёўскай Мітраполіі Божай Міласэрнасці.

Чытаецца чацвёртая частка Ружанца — Хвалебныя таямніцы, — ці на выбар.

Парадак навэнны:

  • Ружанец;
  • святая Імша (у Будславе);
  • перапынак / пасілак(у Будславе);
  • даклад прадстаўніка адказнай манаскай кангрэгацыі ці ордэну (у Будславе);
  • разважанні на кожны дзень навэнны;
  • Вяночак да Божай Міласэрнасці;
  • Літанія да Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста;
  • Малітва да Крыві Хрыстовай.

Тэксты набажэнстваў на паасобныя першыя суботы, падрыхтаваныя выдавецтвам «Про Хрысто», будуць змяшчацца ў часопісе «Ave Maria», а таксама на інтэрнэт-старонках: сatholic.bycatholicminsk.byave-maria.byТаксама ў выдавецтве выйшла кніжка з тэкстамі навэнны «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!».

Вокладка кнігі з тэкстамі навэнны ад выдавецтва «Про Хрысто»

Тэксты для друку

  • Набажэнства на 11 красавіка 2026 года ў фармаце .DOC>>> і .PDF>>>.
  • Парадак Навэнны і План наведвання Нацыянальнага санктуарыя Марыі ў Будславе і правядзення набажэнстваў у парафіях у фармаце .DOC>>> і .PDF>>>.
  • Ружанец перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі ў рамках Навэнны у фармаце .DOC>>> і .PDF>>>.
  • Разважанні на кожны дзень Навэнны у фармаце .DOC>>> і .PDF>>>.
Абноўлена 08.04.2026 21:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця