Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта з 40-годдзем прызначэння першаіерархам Праваслаўнай Царквы ў Беларусі.
У тэлефоннай размове каталіцкі іерарх, які зараз знаходзіцца на Сінодзе Біскупаў у Ватыкане, перадаў Мітрапаліту Філарэту таксама і віншаванні ад папы Францішка.
Святога Айца арцыбіскуп Кандрусевіч сустрэў па дарозе на Сінод.
Папа, даведаўшыся пра юбілей Мітрапаліта Філарэта, папрасіў ад яго імя павіншаваць Ганаровага Патрыяршага Экзарха і запэўніць у ягонай блізкасці і малітве.
У віншаванні старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі падзякаваў праваслаўнаму іерарху за яго бясцэнны ўклад у духоўнае адраджэнне Беларусі.
«Вы прыйшлі ў Беларусь у часы ваяўнічага атэізму і адразу сталі Бэтлеемскай зоркай, якая абвяшчала прышэсце новых часоў свабоды веравызнання, а таксама спрыяла адраджэнню Каталіцкага Касцёла. Ваша адкрытасць на міжканфесійны і міжрэлігійны дыялог спрыяла кансалідацыі вернікаў розных веравызнанняў і ўсяго беларускага грамадства», — падкрэсліў у віншаванні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Старшыня ККББ запэўніў юбіляра ў сваёй малітве ў яго інтэнцыі пры апостальскіх парогах і пажадаў Божага благаслаўлення і добрага здароўя для далейшага служэння нашай Бацькаўшчыне.