Пошук

26.09.2018 17:42   Фота: архіў кс. Францішка Рудзя / Catholic.by

26 верасня ў Мінску прайшла дабрачынная акцыя «Аднаўленне святынь Беларусі», удзел у якой прымала моладзь БРСМ. Удзельнікі акцыі працавалі над добраўпарадкаваннем тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Брацкая магіла ваенных і мірных жыхароў у мікрараёне Масюкоўшчына» па вул. Ціміразева ў Мінску.

Пасля завяршэння працы дзяўчаты і хлопцы ад прадстаўнікоў каталіцкай і праваслаўнай канфесіі атрымалі адмысловыя граматы. З боку Каталіцкага Касцёла прысутнічаў ксёндз канонік Францішак Рудзь, пробашч мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай.

У сваёй прамове кс. Францішак адзначыў, што развязаная нямецкім нацызмам вайна ўцягнула ў ваенныя дзеянні дзясяткі краін і сотні мільёнаў людзей.

«Нацысцкі канцлагер. Гэтыя словы асацыююцца з рэпрэсіямі, смерцю нявінных людзей і жудаснымі эксперыментамі над вязнямі. Для Беларусі тэма ахвяр Другой сусветнай вайны — асобная трагічная кніга нацыянальнай гістарычнай памяці, у якой мільёны старонак, якія захавалі лёсы нашых бацькоў, дзядоў, прадзедаў», — адзначыў святар.

Паводле слоў кс. Францішка, за гады Другой сусветнай вайны праз лагеры смерці прайшлі больш за 20 мільёнаў чалавек з 30 краін свету, з якіх пяць мільёнаў — грамадзяне былога Савецкага Саюза. 

Сярод лагераў нацыстаў і найбуйнейшы на тэрыторыі акупаванай Беларусі канцлагер Шталаг-352 паблізу былой вёскі Масюкоўшчына. У ім ад знясілення, хвароб і здзекаў загінула больш за 80 тысяч вязняў.

Ахвярамі канцлагераў былі і духоўныя асобы розных канфесій. У Асвенцыме каталіцкі святар з ордэна францішканаў Максімільян Марыя Кольбэ добраахвотна пайшоў на смерць за незнаёмага яму чалавека. Знаходзячыся ў камеры з іншымі асуджанымі на галодную смерць, святар працягваў маліцца.

Канцлагер Дахаў на тэрыторыі Германіі — гэта самыя буйныя ў свеце могілкі каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх святароў. Разам з мірнымі жыхарамі і ваеннапалоннымі святары загінулі і ў лагеры в. Калдычава ў Баранавіцкім раёне.

«Узятая капсула з зямлёй з мемарыяла ў Масюкоўшчыне — сімвал нашай памяці, якая пераадольвае час. У гэтым яе вялікае маральнае значэнне. Без мінулага няма будучыні. Памятаць і маліцца — наша заданне, каб жыць і берагчы мірнае неба!» — завяршыў прамову ксёндз Францішак Рудзь.

Пасля заканчэння акцыі адбылася цырымонія ўскладання вянкоў да мемарыяла, забора зямлі ў капсулу для закладкі ў крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць пра ахвяраў, якія паслужылі выратаванню нашай Айчыны.

Абноўлена 27.09.2018 14:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця