Пошук

26.09.2018 15:17   Тэкст і фота: Ганна Якімовіч / Catholic.by

25 верасня ў цэнтры Caritas у пасёлку Ляскоўка, што пад Мінскам, супрацоўнікі Caritas Беларусь правялі прэзентацыю дапаможніка па развіцці парафіяльных дабрачынных структур «Любі свайго бліжняга».

На працягу 25 гадоў свайго існавання ў Беларусі Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas выкарыстоўвала розныя формы працы ў пошуку найбольш эффектыўнай дапамогі людзям у патрэбе. У ходзе гэтай працы паўстала пытанне, хто з’яўляецца пастаянным і сапраўдным партнёрам Caritas у справе дабрачыннасці? Адказ адназначны: парафіяльныя супольнасці. Таму ў апошнія дзесяць гадоў Caritas у Беларусі ўсё больш звяртае ўвагу на партнёрства з парафіямі.

Як заахвоціць людзей дапамагаць іншым? Адказ можна знайсці ў дапаможніку «Любі свайго бліжняга», выдадзеным Caritas Беларусь у супрацоўніцтве з выдавецтвам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Pro Christo і пры фінансавай падтрымцы Каталіцкай службы апекі (СRS).

У прэзентацыі выдання ўзялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дырэктары і супрацоўнікі дыяцэзіяльных Caritas, дырэктар выдавецтва Pro Christo Аліна Новікава разам з супрацоўніцай выдавецтва Юліяй Шэдзько, якая пераклала тэкст дапаможніка з англійскай мовы, пробашчы парафій, дзе ўжо распачалі сваю дзейнасць парафіяльныя Caritas, а таксама калегі з Caritas Украіна: cвятар Андрэй Нагірняк, намеснік кіраўніка аддзела сацыяльнага служэння Патрыяршай курыі УГКЦ, віцэ-прэзідэнт Caritas Украіна, і Рыгор Селяшчук, дырэктар па развіцці гуманітарных праграм Caritas Украіна, якія падзяліліся вопытам у развіцці парафіяльных Caritas у іх краіне.

    

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй прамове падзякаваў за ініцыятыву выдання дапаможніка дырэктару Caritas Беларусь Віталію Дабраловічу і дырэктару выдавецтва Pro Christo Аліне Новікавай. Пры гэтым кіраўнік беларускага епіскапату адзначыў, што Caritas традыцыйна вядзе дабрачынную дзейнасць на трох узроўнях: нацыянальным, дыяцэзіяльным і парафіяльным.

«Развіццё парафіяльных Карытас з’яўляецца прыярытэтам, і мы пра гэта часта нагадваем.У нас цяпер больш за 170 парафій. Хоць і цяжка, але трэба крочыць у гэтым кірунку, бо інакш мы не дойдзем да людзей. А каб рабіць гэта правільна, трэба вучыцца. Таму гэты дапаможнік будзе вельмі патрэбным, каб ведаць, з чаго пачынаць», — дадаў іерарх.

Прадстаўляючы выданне і дабрачыннае служэнне Касцёла ў нашай краіне, дырэктар Caritas Беларусь кс. Віталій Дабраловіч паведаміў, што на сённяшні дзень намаганнямі супрацоўнікаў ужо створана інтэрактыўная карта, на якой кожны патрабуючы можа знайсці найбліжэйшы да сябе парафіяльны Caritas, дзе яму акажуць неабходную дапамогу. Карта прызначана таксама і для тых, хто жадае ў якасці валанцёра ахвяраваць свой час і сілы высакароднаму служэнню бліжнім у структурах дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas, назва якога ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «любоў».

Абноўлена 27.09.2018 14:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.