Пошук

25.09.2018 17:25   Фота: Сяргей Чэранёў / Catholic.by

Беларускія пілігрымы, удзельнікі св. Імшы, цэлебрацыю якой 23 верасня ўзначаліў у Каўнасе папа Францішак у межах свайго Апостальскага падарожжа па краінах Балтыі, па дарозе дадому ўшанавалі благаслаўлёнага біскупа Тэафілюса Матулёніса, рэліквіі якога знаходзяцца ў катэдры горада Кайшадорыс, што ў цэнтральнай частцы Літвы.

Усяго ў пілігрымцы, арганізаванай кс. Міхалам Бубенам, бралі ўдзел 620 вернікаў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і іншых мясцін Беларусі. Урачыстасці, якія адбыліся ў кайшадорскай катэдры, праходзілі з удзелам пяці біскупаў з Літвы і Беларусі.

Поруч з Кайшадорскім біскупам Ёнасам Іванаўскасам маліліся біскуп на пенсіі Ёзас Матуляйціс, дапаможны біскуп Каўнаскай дыяцэзіі Альгірдас Юравічус, а таксама Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч і яго дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі, які меў гонар узначаліць цэлебрацыю. Да біскупаў далучыліся 12 святароў і вялікая колькасць мясцовых вернікаў і іх беларускіх гасцей.

 

У сувязі з гэтым гамілія падчас св. Імшы гучала на дзвюх мовах: біскуп Ёнас Іванаўскас прамаўляў па-літоўску, а кс. Міхал Бубен перакладаў Божае слова на беларускую мову. Кайшадорскі біскуп засяродзіўся ў гаміліі на аснове нашай надзеі — Езусе Хрысце, які адзіны надае жыццю сэнс і вядзе да вечнага шчасця.

Звярнуўшыся да прыкладу Тэафілюса Матулёніса, яго наступнік у пастырскім служэнні нагадаў пра тое, што благаслаўлёны быў дапаможным біскупам Магілёўскай дыяцэзіі, у той час — самай вялікай у свеце. Акрамя літоўскай, ён ведаў польскую, рускую, латышскую і латгальскую мовы, разумеў і беларускую, таму як добры пастыр мог служыць сваім вернікам, незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасці, яднаючы ўсіх у адной Хрыстовай аўчарні.

«Хоць сёння мы размаўляем на розных мовах, але нас зноў яднае благаслаўлёны біскуп Матулёніс і адзіная для ўсіх людзей мова Божай любові», — зазначыў біскуп Іванаўскас. Кайшадорскі ардынарый падкрэсліў, што яму асабліва прыемна маліцца разам з прадстаўнікамі беларускага Касцёла, які перанёс цяжкія выпрабаванні і збярог веру ў лютыя часы пераследу.

 

Пасля св. Імшы вернікі Кайшадорыса ў знак падзякі падаравалі кс. Міхалу Бубену імшальны келіх, а таксама перадалі чырвоны арнат з беатыфікацыі біскупа Матулёніса парафіі ў Гожы, дзе касцёл сёлета пацярпеў у выніку пажару, у якім згарэла літургічнае адзенне.

Пасля Імшы прамовіў мэр Кайшадорыса, які ад імя мясцовай улады шчыра прывітаў гасцей з Беларусі, нагадаўшы, што Кайшадорыс з’яўляецца партнёрскім горадам з беларускім Іўем, і пажадаў, каб беларусы таксама дачакаліся радасці прымаць на сваёй зямлі Папу.

Арганізатар пілігрымкі беларускіх вернікаў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Міхал Бубен падзякаваў літоўскаму боку за дапамогу ў арганізацыі выезду для ўдзелу ў мерапрыемствах, якія праходзілі ў Літве падчас візіту папы Францішка. Святар выказаў асаблівую падзяку пасольству Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі і асабіста яго супрацоўніцы пані Відзе Чыжыене, якая паходзіць з ваколіц Кайшадорыса, за аператыўную выдачу соцень візаў для беларускіх пілігрымаў.

 

Абноўлена 26.09.2018 12:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.