Увечары 14 жніўня маланка трапіла ў вежу касцёла ў Гожы (дэканат Гродна-Захад), выклікаўшы пажар у святыні.
Як паведамляе пробашч парафіі свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы кс. Павел Шанчук, агонь цалкам знішчыў сакрыстыю. У выніку пажару, які быў аператыўна патушаны супрацоўнікамі МНС, моцна закураны дымам сцены святыні.
З гісторыі касцёла ў Гожы
Будаўніцтва мураванага касцёла ў Гожы пачалося ў 1862 г. намаганнямі тагачаснага пробашча кс. Паўла Транчынскага. 30 красавіка 1862 г. быў асвячаны краевугольны камень. Тэхнічным кіраўніком будаўніцтва стаў гродзенскі архітэктар Якуб Фардон, бацька будучага Слугі Божага а. Мельхіёра Фардона OFM Conv. Першае набажэнства ў новапабудаваным «працаю і ахвярамі парафіянаў» касцёле адбылося 30 лістапада 1869 г. (па некаторых дадзеных, будаўніцтва скончылася ў 1865 г.), калі касцёл быў асвячаны гродзенскім дэканам кс. Аляксандрам Гінтаўтам пад вызваннем святых Апосталаў Пятра і Паўла і Маці Божай Суцяшэння.
26 кастрычніка 1847 г. тагачасны пробашч кс. Станіслаў Гірульскі заснаваў пры гожскім касцёле брацтва Найсвяцейшай Маці Суцяшэння, св. Аўгустына і св. Монікі. У 1853 г. тут, як дзейны, згадваецца шпіталь. У 1866 г. у гожскую святыню былі перанесены абразы (а таксама метрычныя кнігі 1740 – 1866 гг.) з зачыненага касцёла ў Прывалцы. З 1909 г. намаганнямі кс. Канстанціна Цежыка ўрачыстасць Маці Божай Суцяшэння стала парафіяльным святам (святкавалася ў першую нядзелю пасля св. Аўгустына). У XIX ст. да парафіі належалі касцёлы ў Пераломе і Друскеніках (з 1920-х гг. — самастойная парафія, цяпер Літва), да скасавання — таксама філіял у Прывалцы. У 1927 г. касцёл кансэкраваў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі.
Касцёл уяўляе сабою дзвюхвежавую святыню ў неагатычным стылі, прамавугольную і безапсідную ў плане, фасады якой выкладзены з буту і атынкаванай цэглы. У трох’ярусных вежах да 1944 г. былі змешчаны 5 званоў: чатыры у адной і адзін, вялікі, з выяваю Маці Божай Гожскай і вагою ў 31 пуд, ахвяраваны ў 1907 г. Сэрафінам Галубінскім — у другой. У 1885 г. касцёл і бутавая агароджа касцёльнай тэрыторыі былі накрыты дахоўкай (цяпер на касцёле бляшаны дах). Падлога ў касцёле была драўлянай, толькі ў прэзбітэрыі — з цэменту. Інтэр’ер касцёла падзелены на тры навы шасцю квадратнымі слупамі. Унутры — тры алтары, выкананыя ў тэхніцы ілюзорнага неабарочнага жывапісу, і 4 алтарныя драўляныя кампазіцыі.
Да пажару 1944 г. у касцёле было пяць двух’ярусных алтароў. Пры адыходзе нямецкіх акупацыйных войскаў гожскі касцёл быў спалены. Аднак дзякуючы пробашчу кс. Баляславу Гаўрыхоўскаму і капуцынам з Пералома, ён быў адбудаваны ўжо ў пасляваенны час — рэдкі выпадак пры савецкай уладзе. У 1950 г. сюды з зачыненага пабрыгіцкага касцёла былі перавезены лаўкі, зробленыя ў 1646 г. майстрам Георгам Зэхлем. У 1970-я гг. касцёл атрымаў статус помніка архітэктуры з рысамі неаготыкі.
Да гожскай парафіі святых Пятра і Паўла належыць пустэльня капуцынаў у Пераломе.