Пошук

24.08.2018 12:14   Паводле: Ганна Радзюк / «Гродзенская праўда» / Фота: з архіва парафіі / Catholic.by

Ужо больш за тыдзень у Гожы (дэканат Гродна-Захад) вернікі разам са сваім пробашчам кс. Паўлам Шанчукам ліквідуюць наступствы пажару ў касцёле, які ўзнік у выніку ўдару маланкі 14 жніўня.

Адразу пасля ранішняй св. Імшы людзі бяруцца за працу. Хоць агонь, дзякуй Богу, не знішчыў святыні, аднак прынёс нямала клопатаў парафіянам і іх душпастыру. Пра тое, як яны аднаўляюць свой касцёл, паведамляе «Гродзенская праўда».

Пробашч парафіі кс. Павел Шанчук мае бадзёры нстрой:

«Бяда моцна з’яднала парафіянаў. Калі гэта здарылася, я быў засмучаны і разгублены. Але людзі мяне падтрымалі, за што я ім вельмі ўдзячны. Кожны дзень вернікі дапамагаюць прыводзіць касцёл у парадак. Яны прыходзяць цэлымі сем’ямі, з дзецьмі», — кажа святар.

Найбольш ад пажару паяцрпела сакрыстыя: у памяшканні трэба аднаўляць драўляную столь і падлогу, якія цалкам знішчыў агонь. Ужо залілі бетонную сцяжку. Згарэлі ўсе рэчы, што знаходзіліся ў сакрыстыі, у тым ліку літургічнае адзенне.

На шчасце, найбольш старажытныя шаты, якія захоўваюцца ў касцёле з ХІХ ст., засталіся непашкоджанымі, бо знаходзіліся ў іншым памяшканні, да якога не дабралася полымя.

Сцены і скляпенне у касцёле давядзецца пафарбаваць, паколькі адмыць моцна закураную паверхню не артымалася. Пробашч запэўнівае, што неўзабаве касцёлу зноў вернуць належны выгляд. Пакуль жа вернікі рыхтуюць усё да рамонту: мыюць, вымаюць і перафарбоўваюць рамы, устаўляюць, дзе трэба, шкло.

«У касцёле 12 вялікіх вокнаў, — тлумачыць кс. Павел, — і некаторыя з іх давялося разбіць пры тушэнні пажару. Але гэта — дробязі ў параўнанні з тым, што магло б здарыцца, калі б не аператыўныя і прафесійныя дзеянні супрацоўнікаў пажарнай службы.

Таму хочацца выказаць падзяку кіраўніцтву абласнога ўпраўлення МНС і асабіста супрацоўнікам пажарных аварыйна-выратавальных частак № 1, № 2, № 3 Гродзенскага ГАНС, пажарна-вратавальнага паста № 12 Гродзенскага РАНС і пажарнага аварыйна-выратавальнага атраду Гродзенскага УМНС, якія ў прамым сэнсе ўратавалі нашую святыню».

Нягледзячы на рамонтныя працы, набажэнствы ў касцёле ў Гожы праходзяць па звычайным раскладзе. Праз тры дні пасля пажару тут ужо хрысцілі дзіця. Аднак пакуль спевы тут гучаць без суправаджэння аргану, у якім ад высокай тэмпературы дэфармаваліся некаторыя трубкі.

«Апошні раз арган настройвалі сем гадоў таму. Цяпер зноў давялося адшукаць майстра, які гэтым займаецца. Ён нас абнадзеіў, што зробіць інструмент», — кажа пробашч.

Пакуль не чуваць у Гожы і звыклага гуку званоў.

«Лёс касцёла хвалюе не толькі католікаў. Усе чакаюць, калі над Гожай зноў загучаць званы. Гэты гук стане для нас знакам, які аднойчы абвесціць: касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла працягвае жыць», — упэўнены кс. Павел Шанчук.

Абноўлена 24.08.2018 12:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.