Пошук

26.06.2017 11:25  

25 чэрвеня ў Вільнюсе быў беатыфікаваны арцыбіскуп Тэафілюс Матулёніс, які ў свой час быў звязаны з католікамі Беларусі — быў інкардынаваны ў Магілёўскую мітраполію.

Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел і іерархі з Беларусі — Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскі Аляксандр Яшэўскі SDB, біскуп  Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Асобна ў Вільнюс прыбылі і свецкія вернікі з Беларусі. Католікі з Магілёва арганізавалі нават адмысловую аўтобусную пілігрымку. Падчас Імшы беларускую дэлегацыю прывіталі адмыслова па-беларуску. Акрамя таго, адзін з заклікаў ў малітве вернікаў падчас Імшы таксама быў зачытаны на беларускай мове.

Гісторыя веры, цярпення і сведчання

Арцыбіскуп Тэафілюс Матулёніс — вязень СІЗА Лефортава, Салаўкоў, Уладзімірскага цэнтрала. У 1994 годзе бюст арцыбіскупа быў усталяваны ў катэдральным касцёле Вільнюса. Працэс беатыфікацыі быў адкрыты ў 1990 г. і доўжыўся 16 гадоў.

Як адзначае партал delfi.lt, літоўскі епіскапат прыняў рашэнне правесці беатыфікацыйную Імшу не ў Кайшадорскай дыяцэзіі, дзе знаходзяцца парэшткі мучаніка, а ў Вільнюсе, каб у ёй маглі ўдзельнічаць больш пілігрымаў.

Матулёніс памёр 20 жніўня 1962 года ў Шадуве, знаходзячыся фактычна пад хатнім арыштам, у ізаляцыі ад вернікаў.
18 снежня 1946 года ён быў арыштаваны і абвінавачаны ў тым, што заклікаў духавенства да барацьбы супраць савецкай улады, укрываючы ад арыштаў святароў, якія ўдзельнічалі ў такой барацьбе.

27 верасня 1947 г. асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі. Тэрмін адбываў у Сіблаге, затым ва Уладзіміры. Толькі 5 мая 1956 года ён атрымаў магчымасць вярнуцца ў Літву, але яму забаранілі кіраваць дыяцэзіяй і прымусілі жыць у ізаляцыі ў Шадуве. Папа Ян XXIII незадоўга да смерці біскупа Матулёніса надаў яму тытул арцыбіскупа.

Мужнае сведчанне веры арцыбіскупа Тэафілюса Матулёніса адзначыў і папа Францішак, які 25 чэрвеня на заканчэнне малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Св. Пятра ў Ватыкане звярнуўся з адмысловым зваротам.

«Біскуп Тэафілюс Матулёніс, якога забілі з нянавісці да веры ў 1962 г., меў ужо амаль 90 гадоў. Узнясём хвалу Богу за сведчанне гэтага мужнага абаронцы веры і годнасці чалавека», — прыводзіць словы Пантыфіка Ватыканскае радыё.

Арцыбіскуп Матулёніс нарадзіўся ў 1873 г. у паўночна-ўсходняй Літве. Скончыў Пецярбургскую духоўную семінарыю. Здзяйсняў душпастырскае служэнне на тэрыторыі Латвіі. З 1910 г. займаў пасаду вікарыя ў касцёле св. Кацярыны ў Санкт-Пецярбургу, а затым там жа з’яўляўся пробашчам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

У 1928 г. быў арыштаваны савецкімі ўладамі. Ва ўмовах пераследу Касцёла быў прызначаны тытулярным біскупам Матрэгі і каад'ютарам Апостальскага адміністратара Ленінграда, а праз год таемна атрымаў сакру. У хуткім часе ён быў арыштаваны паўторна, асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі і накіраваны ў Салавецкі лагер асобнага прызначэння, дзе вызначаўся мужным сведчаннем веры.

(cath)

Фота ru.delfi.lt

Абноўлена 12.07.2017 00:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.