Пошук


Цёмныя аблокі выплылі з ранішняга сутоння раптоўна. І вось цёплы суботні ранак, які пагражаў папсаваць сіноптыкам усе іх прагнозы, саступіў месца халоднай імжы.

Набіраючы моц, яна дагнала нас хлёсткімі халоднымі кроплямі ля газетнага кіёска, дзе мы разглядалі партрэты Пантыфіка на першых палосах літоўскіх газет.

Вільня жыла чаканнем Папы Рымскага. Пра важную падзею сведчылі не толькі рэкламныя плакаты з выявай Папы і загадзя абгароджаныя вуліцы ў цэнтры горада – пра візіт гаварылі найперш людзі.

Не толькі турысты, пілігрымы і памежнікі на беларуска-літоўскай мяжы, але ў першую чаргу жыхары Вільні.

«Вы прыехалі да Папы? Вой, я калісьці таксама бачыла св. Яна Паўла ІІ. Праўда, яшчэ ў школе вучылася», – згадвае сярэдніх гадоў жанчына з кавярні, дзе мы замаўляем каву.

Пра Папу тут гавораць нават у прадуктовых крамах і рэстаранах!

 

«На такіх сустрэчах разумееш: твае хрысціянскія каштоўнасці падзяляе і іншая моладзь»

На сустрэчу з Пантыфікам у літоўскую сталіцу 22 верасня прыбыло каля 30 тысяч чалавек, з якіх больш за паўтысячы – з Беларусі. З якімі чаканнямі прыехалі нашы суайчыннікі?

«Гэта будзе ўжо трэці Папа Рымскі, якога я пабачу, – не хавае свайго хвалявання Таццяна Танана з мінскай парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла і святога Яўгена дэ Мазэно. – Да гэтага я ўжо была на сустрэчах з папам Бэнэдыктам і папам Янам Паўлам ІІ.

Мне імпануе адкрытасць і простасць папы Францішка, а таксама яго аскетычнасць – адмова ад многіх выгодаў.

На такіх сустрэчах важна пабачыць, што ў сваіх рэлігійных каштоўнасцях ты не адна. Калі я бачу такіх жа дзяўчат і хлопцаў, то разумею паўсюднасць Каталіцкага Касцёла».

«Словы Папы – гэта падтрымка, якую атрымаеш, нават калі заблукаеш»

«Папа – гэта той аўтарытэт Касцёла, да якога ты ў любы момант можаш звярнуцца. Ён заўсёды прамаўляе дасяжнай і зразумелай мовай», – звяртае ўвагу Крысціна Бурак са сталічнай парафіі Маці Божай Будслаўскай.

Паводле яе слоў, у сваіх прамовах Святы Айцец заўсёды звязвае Евангелле з рэчаіснасцю: «Гэта не штосьці абстрактнае, а заўсёды па справе. Бачнасць і дзейнасць яго парадаў – вельмі каштоўная.

Маё знаёмства з папам Францішкам пачалося з СДМ у Кракаве ў 2015 годзе. Памятаю, вельмі натхнілася той манерай, з якой Пантыфік размаўляе з моладдзю. З той пары ў мяне засталося пачуццё, што дзесьці я заўсёды маю падтрымку, нават калі заблукаю ў духоўнай пустыні».

«Папа – ідэал хрысціяніна, на які трэба раўняцца»

Ірына Бубер, Аляксандра Кароль і Уладзіслаў Даўгашэй у Мінску наведваюць розныя парафіі, але пазнаёміліся якраз у Вільні.

«Вельмі цікава пабачыць асобу, пра якую ўсе так часта гавораць, – расказвае Уладзіслаў. – Лічу, што ён сапраўды святы. Вельмі хацелася б адчуць, як гэта – быць побач з такім чалавекам...»

Аляксандра дадае, што для яе Папа Рымскі – прыклад дабрыні і міласэрнасці.

«Для мяне гэта ідэал хрысціяніна, на які трэба раўняцца», – падкрэслівае дзяўчына.

«Як і ўсім, мне таксама хацелася ўбачыць Папу ўжывую. Вядома, хочацца, каб Пантыфік калі-небудзь даехаў бы і да Беларусі. Гэта адна з галоўных прычын, чаму мы прыехалі ў Вільню. Мы можам паказаць, што ў Беларусі яго таксама чакаюць», – заключае Ірына.

Для мастачкі Надзеі Бука з мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) паездка на сустрэчу з Папам – крыніца натхнення, якую яна плануе рэалізаваць у творчасці.

«Думаю, на гэтай сустрэчы няма выпадковых людзей, і моладзь, якая сюды прыехала, сапраўды гэтага хацела. Гэта сведчыць аб тым, што ва ўсіх гэтых людзях ёсць зерне веры. Папа прамаўляе патрэбныя і неабходныя рэчы, таму я спадзяюся, што сустрэча з Пантыфікам умацуе моладзь у яе далейшым развіцці».

***

Гадзіннік паказвае палову на шостую. Моладзь на катэдральным пляцы – у прадчуванні хуткай сустрэчы з «наступнікам Пятра». Пілігрымы размеркаваныя па розных сектарах.

Літоўскія сцягі заўважна пераўзыходзіць астатнія па колькасці. Тым не менш тут можна пабачыць і сцягі Беларусі, Украіны, Польшчы, Латвіі, а таксама далёкіх Аўстраліі і Канады.

Увага прысутных сканцэнтравана на вялізных экранах – там прамая трансляцыя: папамабіль, з якога Пантыфік вітае пілігрымаў, аператары «вядуць» акурат сюды. Да катэдры.

Колькі тут усмешак і радасных вачэй! Людзі шчыльней «прыціскаюцца» да агароджы сваіх сектароў, толькі б атрымаць лепшы вугал агляду. Папа едзе!!

Сектар прэсы – напагатове. Фотакарэспандэнты на пазіцыях і, здаецца, не дыхаюць у чаканні таго самага запаветнага кадру.

Яшчэ імгненне – і на гарызонце з’яўляецца папамабіль. Пантыфік едзе стоячы, з усмешкай, па-бацькоўску вітаючы прысутную моладзь. Дзяўчаты і хлопцы махаюць рукой Папу Рымскаму, а атрымаўшы позірк Папы – ажно свецяцца ад радасці.

Хутка яшчэ 30 тысяч чалавек у Еўропе будуць расказваць сваім нашчадкам, што калісьці бачылі Папу Рымскага ўжывую. Праязджаў зусім блізка!

Доказам будуць служыць тысячы зробленых у гэты дзень фотаздымкаў. Пра візіт будуць гаварыць у кавярнях, крамах і цырульнях. А хтосьці праз шмат гадоў прызнаецца, што менавіта гэта сустрэча натхніла яго або яе на нешта важнае.

Абноўлена 22.11.2018 22:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.