Пошук

19.09.2018 13:42   Паводле: Vatican News

Фота Віталія Палінеўскага

Зварот да Прэзідэнта і Савета Міністраў з просьбай «зрабіць Дзяды непрацоўным днём» і «даць магчымасць ушанаваць продкаў» апублікаваны на платформе Zvarot.by.

Аўтары петыцыі збіраюць подпісы, каб вярнуць выхадны дзень 2 лістапада або зрабіць непрацоўным 1 лістапада. Трэба нагадаць, што 2 лістапада быў непрацоўным днём з пачатку незалежнай Беларусі да 1996 г.

У Каталіцкім Касцёле на 2 лістапада прыпадае ўспамін усіх памерлых вернікаў, а беларусы святкуюць у гэты дзень “Дзяды”.

Аўтар петыцыі – Алёна Германовіч з гомельскай парафіі Нараджэння Маці Божай. У каментарыі беларускай рэдакцыі Vatican News яна адзначыла, што летась пад аналагічнай петыцыяй было сабрана каля 2 тыс. подпісаў.

«У адказе, які мы атрымалі ад Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, гаворыцца, што права на свабоду веравызнання, замацаванае ў Канстытуцыі, не дае вернікам ніякіх пераваг перад грамадзянамі, якія прытрымліваюцца атэістычных перакананняў – у адваротным выпадку гэта парушыць прынцып раўнапраўя грамадзян.

Менавіта таму ў апараце Упаўнаважанага палічылі, што дапаўняць святочныя дні, якія адзначаюцца ў Беларусі як рэлігійныя, “немэтазгодна”».

Аўтар петыцыі нагадала, што аб успаміне усіх памерлых вернікаў, які адзначаецца 2 лістапада, у адказе нічога не гаворыцца. Але ў петыцыі падымалася якраз пытанне працоўнага дня на «Дзяды» – дзень, важны не толькі католікам, але і грамадскасці ў цэлым.

Беларусам прапануюць падпісаць петыцыю і падтрымаць кампанію незалежна ад прыналежнасці да канфесіі. Калектыўны зварот зноў будзе накіраваны ў Савет Міністраў і Адміністрацыю Прэзідэнта.

У звароце таксама адзначана, што праваслаўныя вернікі маюць свой дзень памяці продкаў – Радаўніцу, якая афіцыйна з’яўляецца выхадным.

«Кіраўніцтва дзяржавы перад Радаўніцай пераносіць працоўныя дні, каб праваслаўным грамадзянам Беларусі было зручна выканаць свае абавязкі ў адносінах да продкаў.

Католікі, як і многія беларусы, якія адзначаюць “Дзяды” паводле старажытнай традыцыі, пазбаўлены такой магчымасці.

З мэтай дасягнення сацыяльнай справядлівасці ў грамадстве, захавання добразычлівых адносін да прадстаўнікоў розных канфесій і рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабоду сумлення патрабуем зрабіць 1 і 2 лістапада непрацоўнымі днямі ў Беларусі», – адзначае складальніца петыцыі.

Абноўлена 19.09.2018 16:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа