14 верасня ў Касцёле адзначаецца свята Узвышэння Святога Крыжа. Лічыцца, што 14 верасня 335 г. была асвячана святыня над пячорай Гробу Пана, у якім устанавілі знойдзены Крыж Збаўцы.
Каб шматлікія хрысціяне, прысутныя на ўрачыстасці, маглі ўбачыць вялікую святыню, біскуп уздымаў («узвышаў») Крыж над галовамі прысутных. У Рыме свята было ўведзена папам Грыгорыем І.
З гісторыі пошуку Крыжа, на якім распялі Хрыста
Маці імператара Канстанціна Вялікага Алена ў 325 г., ужо на схіле жыцця, скіравалася ў Ерузалем з надзеяй адшукаць Крыж, на якім быў укрыжаваны Езус.
За два стагоддзі перад тым імператар Адрыян загадаў засыпаць месца пахавання Хрыста і пабудаваць там капішчы Юпітэра і Венеры. Тым не менш Алена змагла адшукаць месца пахавання цела Хрыста, пабудавала над ім святыню і ўнесла ў яго Крыж Збаўцы. Пасля яе смерці з’'явіліся гісторыі аб знаходжанні Крыжа, паводле якіх былі адкапаны тры крыжы, а Крыж Хрыста выявіўся тым, што вярнуў да жыцця прыкладзенае да яго мёртвае цела чалавека.
Аб адшуканні Жыватворчага Крыжа Пана святою Аленаю пісалі многія раннехрысціянскія аўтары. Святы Амброзій, біскуп Міланскі, у пахвальным слове Феадосію Вялікаму таксама сведчыць пра гэтую падзею. Ён згадвае пра знойдзеную таблічку ад Крыжа з надпісам, аб якой паведамляюць евангелісты, і цвіках, якімі былі прабіты рукі і ногі Хрыста.
Ян Залатавусны гаворыць, што калі было адкапанае «святое дрэва», то яго пазналі па таблічцы з надпісам і месцы знаходжання паміж двума іншымі крыжамі (разбойнікаў).
Не адмаўляе падзеі і св. Геранім, які таксама згадвае пра цвікі. Пра знойдзены Крыж Збаўцы пісаў св. Кірыл Александрыйскі. Паўлін, епіскап Нолы, у лісце ад 403 г. напісаў, што ў Ерузалеме св. Алена збірала звесткі пра месца, дзе быў засыпаны Крыж, не толькі ў хрысціянаў, але і ў больш інфармаваных юдэяў.
У хрысціянскім еўрапейскім мастацтве легендарныя сюжэты Святога Крыжа падаюцца звычайна як агульны цыкл, і толькі Узвышэнне займае асаблівае месца.
Зразумелай, як і актуальнай гістарычна, становіцца папулярнасць тэмы Крыжа Збаўцы ў эпоху крыжовых паходаў.
Значнае распаўсюджанне яна атрымлівае ў ХІІ ст., найперш на крыжовых рэліквіярыях, а таксама ў насценных роспісах святынь.
Беларускі іканапіс
У беларускім іканапісе таксама захаваліся абразы «Узвышэння Святога Крыжа» з XVIII ст. Сярод іх перш за ўсё трэба назваць абраз з усходу Гомельшчыны 1-й паловы XVIII ст., які адлюстроўвае сімвалічны аспект свята Узвышэння Крыжа.
Асобнае месца ў беларускім сакральным мастацтве належыць унікальнаму абразу касцёла ў Белагрудзе (Лідскі р-н), які можа быць аднесены да 1-й паловы XVIII ст. Змест абраза складае пілігрымка св. Алены і адшуканне Святога Крыжа.