Да 19 жніўня выйшаў першы ў Беларусі біблійны мабільны дадатак для дзяцей па-беларуску.
Праграма ад кампаній YouVersion i OneHope, якую ўжо спампавалі 10 мільёнаў чалавек па ўсім свеце, цяпер дасяжная і беларусам.
Што і як
Праграма зроблена як падарожжа з 41 анімаванай інтэрактыўнай біблійнай гісторыяй са Старога і Новага Запаветаў. Дзеці прачытаюць пра такіх герояў веры, як Абрагам, Даніэль, Ілля, і, натуральна, Добрую вестку Езуса Хрыста. Персанажы рухаюцца, размаўляюць і ажыўляюць Біблію для маленькіх чытачоў: апостал Павел сапраўды трапляе ў шторм, Ной будуе каўчэг, а Пан Езус падымае паралізаванага.
Яркія колеры і выдатная графіка прыцягваюць увагу, тры ці чатыры пытанні ў кожным аповедзе дапамогуць заппамятаць ісціны Пісання, а гульня ў канцы — замацаваць прачытанае.
Дзіцячую Біблію можна не толькі чытаць, але і слухаць: усе гісторыі на беларускую мову агучаны Паўлам Харланчуком. Пераклад і запіс зрабіла кампанія Кінаконг.
Водгукі бацькоў
«Нам спадабалася форма гульні, схаваныя цікавосткі, што ствараюць атмасферу адкрыцця, прыемны голас агучкі, пытанні на замацаванне, — кажа Надзея Гарэцкая, маці траіх дзяцей. — А яшчэ магчымасць прайсці праз усю Біблію, як праз падарожжа».
«Біблія для дзяцей — вельмі цудоўная праграма. На жаль, раней даводзілася слухаць па-украінску. Дзеці былі ў захапленьні, што нарэшце могуць слухаць і чытаць па-беларуску. Прыемна, што агучана добра знаёмым ім голасам Паўла Харланчука — „беларускага Пэтсана“. Вельмі годны падарунак для нашых дзетак з нагоды 500–годдзя беларускай Бібліі», — дзеліцца Вераніка Шкабара, маці траіх дзяцей.
Узрост і дзе знайсці
Дадатак разлічаны на дзяцей 6–8 гадоў, але будзе цікавы і меншым.
Спампаваць праграму можна праз Play Store ці па спасылцы.