Пошук

08.08.2018 15:05   Паводле: grodnensis.by / Фота: Максім Хаванскі / Catholic.by

4–5 жніўня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Пана Езуса Журботнага ў Росі (Ваўкавыскі дэканат) прайшлі юбілейныя ўрачыстасці ў гонар 400-годдзя першага зафіксаванага тут цуду.

Той першы цуд быў сапраўды евангельскім і глыбока сімвалічным: сляпая ад нараджэння жанчына атрымала тут ад Езуса Журботнага адпушчэнне грахоў, пасля чаго стала бачыць. І ўжо чатыры стагоддзі ідуць і едуць сюды пілігрымы, каб праз пакаянне ачысціць свае душы і атрымаць ацаленне ад духоўных і фізічных немачаў.

Сёлетняя пілігрымка да Езуса Журботнага з Гродна праходзіла пад дэвізам «Жыць Евангеллем». У ёй брала ўдзел не толькі моладзь, але і група старэйшых дасведчаных пілігрымаў, якія сваім прыкладам заахвочваюць да гэтай пабожнай справы іншых.

Склад пілігрымкі быў інтэрнацыянальным: вернікі з розных дыяцэзій Беларусі, перадусім, канешне, з Гродзенскай, а таксама некалькі асобаў з Літвы і Польшчы.

Кіраўнік пілігрымкі кс. Юрый Марціновіч адзначае, што з кожным годам тых, хто адважваецца на гэтую ахвяру, становіцца ўсё больш.

«Нашая пілігрымка адметная тым, што ў першы дзень мы пераадольваем шмат кіламетраў. Але, як ні дзіўна, людзей гэта не палохае! З вялікай адвагай яны ідуць разам з намі.

Я перакананы, што гэта Езус Журботны дадае ім сілаў, каб ісці наперад», — кажа святар.

Акрамя гродзенскай пілігрымкі, сёлета ў Рось прыйшлі пешыя пілігрымы з Ваўкавыска і Мастоў, а таксама прыбылі пілігрымы на роварах з Індуры. Пад вечар 4 жніўня санктуарый Пана Езуса Журботнага напоўнілі шматлікія вернікі.

Цэлебрацыю св. Імшы ўвечары ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх маліўся за ўсіх пілігрымаў, якія наведалі гэты санктуарый у год юбілею першага цуду. У сваёй гаміліі біскуп Юзаф адзначыў, што пілігрымы пераадольваюць цяжар дарогі, каб паглядзець у вочы Бога.

«Тут мы знаходзімся каля крыніцы, адкуль зыходзяць ласкі. Тут мы асаблівым чынам спазнаем прысутнасць Бога, які адорвае нас сваёю любоўю і дае нам супакой сэрца», — сказаў іерарх.

«Вы прынеслі да Езуса Журботнага праўду пра саміх сябе, пра асяроддзі, у якіх знаходзіцеся штодня. Прадстаўце ўсё гэта Пану. Аддайце Яму ўсё з верай. Даверцеся да канца», — заахвоціў біскуп прысутных вернікаў, а моладзь заклікаўтакімі словамі:

«Заўсёды ідзіце за Хрыстом і будзьце людзьмі праўды!»

Усю ноч працягвалася малітоўнае чуванне перад цудатворнай фігурай Журботнага Збаўцы. Яно завяршылася працэсіяй вакол святыні і актам даручэння перад фігурай Маці Божай Каралевы Супакою, якая знаходзіцца побач з касцёлам.

На наступны дзень цэлебрацыю ўрачыстай св. Імшы ў санктуарыі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У гаміліі пастыр дыяцэзіі падкрэсліў, што для таго, каб стаць сведкам незвычайных цудаў у сваім жыцці, чалавеку патрэбная глыбокая вера, бо толькі яна з’яўляецца гарантыяй аздараўлення.

«Нам патрэбная вера: такая вера, якая ніколі не дазволіць адхіліцца ад Бога», — сцвердзіў іерарх.

Падчас Эўхарыстыі дзве сям’і прынеслі да алтара воты як падзяку за дар бацькоўства. Доўгі час яны не маглі мець дзяцей, урачы і найлепшыя спецыялісты былі не ў стане ім дапамагчы. Гэтыя людзі засведчылі, што менавіта Езус Журботны, выслухаўшы іх малітвы ў святым месцы, даў ім спазнаць радасць бацькоўства.

На заканчэнне ўрачыстасці кусташ санктуарыя кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч адзначыў, што для многіх Рось стала прыстанкам у штодзённым вандраванні праз жыццё. Многія набліжаюцца тут да Бога, многія пакідаюць гэтае месца адноўленымі людзьмі, здольнымі любіць, прабачаць, дзяліцца і дзякаваць.

Тут сапраўды «сляпыя бачаць, а кульгавыя ходзяць» (пар. Мц 11, 5).

Першы цуд, які здарыўся ў Росі 400 гадоў таму, быў занатаваны ў «Кнізе ласкаў і цудаў Пана і Збаўцы нашага ў рыма-каталіцкім касцёле ў мястэчку Рось Ваўкавыскага павета з 1745 г.», якая знаходзіцца ў парафіі да сённяшняга дня.

У 1618 г. адна пажылая жанчына, сляпая ад нараджэння, прыйшла ў касцёл і хацела прыступіць да споведзі. Яна праціскалася праз натоўп вернікаў, сабраных на Імшы, просячы даць ёй прайсці да святара. Хтосьці пажартаваў, падвёўшы сляпую да фігуры Езуса Журботнага, якая тады стаяла ў бабінцы касцёла. Жанчына стала перад ёй на калені і пачала спавядацца.

Калі яна скончыла вызнанне гахоў, Езус узнёс руку ў жэсце адпушчэння, і жанчына разам з прабачэннем атрымала таксама зрок.

Пасля гэтага цуду культ Езуса Журботнага ў Росі пачаў развівацца. Шматлікія воты і сведчанні, дадзеныя пад прысягай і запісаныя ў кнігах, сведчаць пра мноства аздараўленняў, навяртанняў і іншых ласкаў, атрыманых тымі, якія ўзносіў малітвы да Хрыста перад Яго цудатворнай фігурай.

Абноўлена 08.08.2018 15:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.