Пошук

03.08.2018 11:38   Фота: Мілана Малішэўская / Catholic.by

2 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю св. Імшы ў касцёле св. Міхала Арханёла ў Івянцы, дзе распачалася парафіяда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У сваёй гаміліі арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі асаблівым чынам падкрэсліў, што парафіяда — гэта месца інтэгральнага развіцця чалавека.

Вітаючы адказных і арганізатараў дыяцэзіяльнай парафіяды, якая аб’ядноўвае ў сабе духоўны, спартовы і культурны элементы, іерарх звярнуў увагу на тое, што кожнае лета ў івянецкай парафіі адбываецца традыцыйная Музычная майстэрня, Дні моладзі, парафіяды, злёты скаўтаў і іншыя мерапрыемствы.

«Усё гэта сведчыць пра тое, што Івянец стаў месцам фармацыі моладзі, на што асабліва важна звярнуць увагу ў гэтым годзе, прысвечаным моладзі як надзеі Касцёла і грамадства», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Разважаючы над чытаннямі св. Імшы, ён сказаў:

«Толькі тыя, хто не падае духам і распачынае ўсё нанава, становяцца алімпійскімі чэмпіёнамі. А мы павінны стаць духоўнымі чэмпіёнамі. І ў гэтым вялікай дапамогай для нас з’яўляецца парафіяда».

Заўважыўшы, што Касцёл з павагай адносіцца да спорта, які спрыяе гарманічнаму развіццю чалавечай асобы, яе цела і душы, арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што не чалавек прызначаны для таго, каб служыць спорту, а спорт павінен служыць цэласнаму развіццю чалавечай асобы. Ён нагадаў, што менавіта так выглядае хрысціянскі погляд на спорт, прадстаўлены ў нядаўна апублікаваным дакуменце Святога Пасаду на гэтую тэму.

Па словах іерарха, культурная складаная парафіяды, якая ўключае ў сябе розныя мастацкія конкурсы, дапамагае ўдзельнікам развіць і паказаць свае творчыя здольнасці. Духоўнасць у межах парафіяды — гэта перадусім супольная малітва, у якой удзельнікі служаць пры алтары, чытаюць імшальныя чытанні, спяваюць псальмы і песні, актыўна і глыбока перажываюць літургію, сказаў арцыбіскуп.

Такім чынам, падсумаваў ён, парафіяда спрыяе фізічнаму, культурнаму і духоўнаму развіццю маладога пакалення як будучыні Касцёла і грамадства і дапамагае маладым людзям будаваць свае планы на будучыню.

Звяртаючыся да юнакоў і дзяўчат, якія сабраліся на дыяцэзіяльнай парафіядзе ў Івянцы, пастыр Мінска-Магілёўскага Касцёла заахвоціў іх разглядаць удзел у ёй як Божы дар, магчымасць ажыццявіць свае таленты і адначасова асэнсаваць сваю адказнасць перад Богам, Касцёлам і грамадствам.

«Бог паставіў вас на „стадыёне“ беларускага Касцёла і грамадства. Гуляйце на ім годна і мужна на карысць усіх нас», — заклікаў удзельнікаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Сваю гамілію іерарх завяршыў пажаданнем, скіраваным да ўсіх удзельнікаў:

«Няхай алімпійскі дэвіз Citius, altius, fortius — «Хутчэй, вышэй, мацней» — дапамагае вам быць хуткімі ў сваім інтэгральным фізічным, інтэлектуальным, культурным і духоўным развіцці! Няхай умацоўвае перад выклікамі жыццёвых выпрабаванняў! Няхай вядзе на спартыўны, мастацкі і духоўны алімп!»

Абноўлена 03.08.2018 21:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа