Пошук

31.07.2018 17:25   Тэкст: Святлана Жылевіч / Фота: Аляксандр Анісько / Паводле: waladarka.by / Catholic.by

27–28 ліпеня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Мёрах (Віцебская дыяцэзія) праходзілі незвычайныя рэкалекцыі для моладзі — «Танцуй для Яго».

На працягу двух дзён маладыя вернікі мелі магчымасць даведацца пра сутнасць танца ў Бібліі, вывучыць інтэграцыйныя танцы і навучыцца прысвячаць Богу ўсе свае заняткі, у тым ліку і захапленне танцам.

У праграму танцавальнай сустрэчы ў Мёрах уваходзілі малітва і набажэнствы, духоўныя канферэнцыі, якія праводзілі святары, заняткі і танцавальныя гульні. Незвычайнае мерапрыемства завяршылася канцэртам з выкананнем танцаў, падрыхтаваных удзельнікамі з розных парафій.

«Праграма была вельмі насычанай. Двухдзённы фармат дазволіў больш часу прысвяціць евангелізацыйнаму аспекту: канферэнцыі, працы ў групах, святая Імша», — дзеліцца з намі ўражаннямі Ян Бука з Браслава.

На заключным канцэрце моладзь з браслаўскай парафіі прадставіла свой танец-флэшмоб.

«Мы хацелі падзяліцца з іншымі сваім бачаннем танцу ў стылі хіп-хоп. Такія танцы патрабуюць шмат часу на падрыхтоўку, а таму вельмі з’ядноўваюць калектыў», — патлумачыў Ян.

Танцавальная сустрэча ў Мёрах стала цікавым і карысным вопытам для яе ўдзельнікаў падчас летніх канікулаў. Моладзь не толькі праявіла свае таленты, але і паглыбіла духоўнасць, зрабіўшы чарговы крок у пошуку сябе і Бога.

Абноўлена 31.07.2018 17:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа