Пошук

30.07.2018 08:00   Падрыхтаваў: дк. Яўген Вінтоў / Catholic.by

28 ліпеня прыпалі 100-я ўгодкі біскупскага пасвячэння Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага.

Зыгмунт Лазінскі нарадзіўся 5 чэрвеня 1870 г. у Бараціне непадалёк ад Навагрудка (сёння — вёска ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці). Юнацтва Зыгмунта прайшло ў Варшаве, дзе ён скончыў сярэднюю школу і прыступіў да Першай Камуніі. 23 чэрвеня 1895 г. пасля заканчэння Пецярбургскай духоўнай семінарыі атрымаў сакрамэнт святарства. Быў прызначаны выкладчыкам на кафедру Святога Пісання і прэфектам у духоўнай семінарыі. У перыяд з 1900 па 1904 працаваў у якасці вікарыя ў Смаленску, у Туле і ў Рызе. У 1904 годзе быў прызначаны рэктарам касцёла на Кальварыі пад Мінскам, а ў 1905 г. — пробашчам мінскай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі (цяперашні Катэральны касцёл). У 1906 г. вяртаецца ў Пецярбург на кафедру Святога Пісання. Вучыцца на спецыялістычным напрамку ў сферы Святога Пісання ў Мюнхене, Інсбруку і ў Ерусаліме, а ў перыяд з 1912 па 1913 гады — у Інстытуце біблейскіх даследаванняў у Рыме.

Першая сусветная вайна заспела кс. Зыгмунта ў Расіі. Пасля падзення царскага рэжыму становішча Каталіцкага Касцёла ў Расіі палепшылася. Святы Айцец Бэнэдыкт XV аднаўляе Мінскую дыяцэзію, а булай ад 2 лістапада 1917 г. прызначае яе пастырам Зыгмунта Лазінскага.

28 ліпеня 1918 г. у Варшаўскай катэдры Зыгмунт Лазінскі прымае біскупскае пасвячэнне.

Галоўным кансэкратарам быў арцыбіскуп Аляксандр Какоўскі. Ва ўрачыстасцях таксама браў удзел Апостальскі Нунцый у Польшчы арцыбіскуп Акіле Рацці, які неўзабаве стаў Папам Піем XI. 15 жніўня 1918 г. адбыўся ўрачысты інгрэс маладога біскупа ў мінскую катэдру.

На пачатку біскупскага служэння Зыгмунта Лазінскага Мінская дыяцэзія мела толькі 9 дэканатаў, у склад якіх уваходзіла 47 парафій з 19 філіяламі. У першыя месяцы была арганізавана новая курыя і пачалі фармавацца структуры Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Мінску. Не хапала касцёлаў, многія з якіх былі забраныя ў царскія часы і ператвораныя ў праваслаўныя царквы.

У 1920 г. Мінск займаюць бальшавікі. Біскупа Лазінскага арыштоўваюць і дэпартуюць у Маскву, дзе ён трапляе ў Бутырскую турму. У 1921 г. паводле дагавора ў Рызе быў вызвалены з турмы і ў ліпені прыехаў у Варшаву. Ён вельмі хацеў вярнуцца ў Мінск і пакутаваў ад таго, што гэта было немагчыма. Новым цэнтрам дыяцэзіі стаў дамініканскі кляштар у Навагрудку. Там біскуп сабраў клерыкаў з усёй дыяцэзіі і скіраваў іх у семінарыі ў Кельцах і Влацлаўку (Польшча).

28 кастрычніка 1925 г. папа Пій XI утварае новую дыяцэзія — Пінскую і ўключае ў яе частку Мінскай дыяцэзіі, якая ў той час трапіла ў склад Польшчы. Яе першым біскупам становіцца Зыгмунт Лазінскі. Празмерная праца і цяжкі лёс, асабліва пад уладай бальшавікоў, падарвалі яго здароў’е. На пачатку Вялікага посту 1932 г. біскуп Лазінскі захварэў. 26 сакавіка 1932 г. у Вялікую Суботу, пасля поўначы, ён апошні раз прыняў Святую Камунію, а пад раніцу атрымаў сакрамэнт намашчэння хворых. Пасля гэтага са словамі псальму «З глыбіні я клічу Цябе, Пане» на вуснах ён памёр.

Многія з тых, хто ведаў біскупа Зыгмунта Лазінскага, былі ўпэўненыя ў яго святасці. Другая сусветная вайна не дазволіла распачаць беатыфікацыйны працэс адразу пасля яго смерці. Гэта стала магчымым толькі ў 1957 г. Дакументы збіраліся ў розных гарадах: у Рыме, Варшаве і ў Пінску. Сярод 33 сведкаў — 5 біскупаў, 25 святароў, 13 законніц і 21 свецкая асоба (у тым ліку чатыры родныя браты). Аб ім сведчылі не толькі католікі, але і праваслаўныя, а таксама лекар, які рабіў яму апошнюю аперацыю. У 1962 г. уся дакументацыя была скіравана ў Рым. У 1993 г. папа Ян Павел II пацвердзіў гераічнасць цнотаў біскупа Зыгмунта Лазінскага, пасля чаго ён лічыцца Слугою Божым.

Абноўлена 30.07.2018 08:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа