ДКТ Caritas Гродзенскай дыяцэзіі абвяргае інфармацыю пра інцыдэнт, які нібыта меў месца ў дзіцячым летніку ў Польшчы, пра што 18 ліпеня паведаміў інтэрнэт-рэсурс «Блог s13 города Гродно».
Адпаведны ліст быў падпісаны 20 ліпеня намеснікам дырэктара ДКТ Caritas Гродзенскай дыяцэзіі Аленай Міхайлік. У ім сказана:
«Рэлігійная місія „Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas“ Гродзенскай дыяцэзіі ў сувязі з інфармацыяй, размешчанай 18 ліпеня 2018 г. інтэрнэт-рэсурсам „Блог s13 города Гродно“ у артыкуле „Родители из Гродно рассказали про «квест на выживание», который проходили их дети в Польше“, паведамляе пра тое, што гэтая інфармацыя з’яўляецца непраўдзівай.
Інфармацыя, пададзеная названым рэсурсам па пытанні забеспячэння бяспекі прабывання моладзі з Беларусі падчас адпачынку ў цэнтры «Caritas бліжнім» (г. Ломжа, Польшча) не адпавядае рэчаіснасці. Паводле дадзеных адміністрацыі арганізацыі, якая запрашае і прымае ў Польшчы, а таксама ўпаўнаважаных органаў Рэспублікі Польшча, ніякія інцыдэнты, якія б пагражалі бяспецы падлеткаў, не мелі месца. Увесь перыяд знаходжання беларускай групы падлеткі паўнавартасна адпачывалі, выконвалася турыстычная праграма.
Выезды дзяцей для адпачынку і ў турыстычных мэтах за мяжу здзяйсняюцца толькі ў месцы, забяспечаныя ўсімі неабходнымі ўмовамі для прабывання непаўналетніх. Да выезду непаўналетніх за мяжу ставяцца асаблівыя патрабаванні, што знаходзіцца пад пільным наглядам і кантролем.
Публікацыя і распаўсюджванне непраўдзівай і неправеранай інфармацыі з’яўляюцца безадказнымі і недапушчальнымі.
Згаданая публікацыя знеслаўляе гонар і годнасць нашай арганізацыі, названых у распаўсюджанай інфармацыі асобаў і парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусь».
У якасці пацвярджэння кіраўніцтва Рэлігійнай місіі „Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas“ Гродзенскай дыяцэзіі прыводзіць лісты ад Caritas Ломжынскай дыяцэзіі (Польшча) і ад пастарунку паліцыі горада Навагруд Ломжынскага павета Падляскага ваяводства (Польшча), што забяспечвае парадак на тэрыторыі, на якой знаходзіцца цэнтр «Caritas бліжнім», дзе праходзіў летнік.