Пошук

21.07.2018 14:22   Фота: Святлана Лабковіч / Catholic.by

21 ліпеня ў мінскай супольнасці Меншых братоў капуцынаў, якія нясуць служэнне ў сталічнай парафіі св. Францішка Асізскага ў мікрараёне Уручча (Копішча), вечныя манаскія абяцанні прынёс брат Ян Садоўскі.

Ён назаўсёды прысвяціў сябе Богу праз абяцанні да смерці жыць паводле евангельскіх парадаў чыстасці, убоства і паслухмянасці па прыкладзе Хрыста ў супольнасці, заснаванай святым Францішкам з Асізі. Брат Ян прынёс свае вечныя манаскія абяцанні ў прысутнасці кусташа Беларускай кустодыі меншых братоў капуцынаў брата Алега Шэнды OFMCap, братоў, родных і гасцей, якія прыбылі на гэтую ўрачыстую падзею з Беларусі і з-за мяжы.

Брату Яну Садоўскаму 28 гадоў. Ён паходзіць з маладзечанскай парафіі св. Казіміра, якой духоўна апякуюцца браты капуцыны.

Пасля школы Ян паступіў на фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Правучыўшыся два гады ў гэтай вышэйшай навучальнай установе, юнак вырашыў пайсці за голасам Хрыста, які клікаў яго прысвяціць сябе служэнню Богу і бліжнім у манаскім жыцці.

У гаміліі айцец Алег Шэнда звярнуў увагу на тое, што «ў пэўным сэнсе кожны хрысціянін жыве для таго, каб памерці — памерці для граху».

Калі мы даведваемся, што нейкі малады хлопец ці дзяўчына выбіраюць дарогу жыцця, прысвечанага Богу, гэта можа нас здзівіць. Яны гатовыя паміраць для дабра іншага чалавека.

Перад тым, як прынесці вечныя манаскія абяцанні, брат Ян Садоўскі праходзіў неабходную манаскую фармацыю ў супольнасцях меншых братоў капуцынаў у Польшчы і ў Італіі.

Сёння капуцыны з’яўляюцца ў Беларусі самай вялікай манаскай супольнасцю, якая дынамічна развіваецца і расце духоўна і колькасна.

Абноўлена 21.07.2018 21:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця