Пошук

17.07.2018 11:13   Catholic.by

16 ліпеня ў касцёле Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі адсвяткавалі галоўную ўрачыстасць парафіі і ордэна кармэлітаў босых, якія ўжо трэцяе стагоддзе нясуць у ёй служэнне.

Напярэдадні ўвечары вернікі сабраліся на набажэнства Крыжовага шляху, якое адбылося на старажтнай мядзельскай Кальварыі, зруйнаванай у часы змагання з рэлігіяй і клапатліва адбудаванай у наш час намаганнямі мясцовых жыхароў і іх духоўных пастыраў.

Цэлебрацыю адпустовай св. Імшы ў дзень урачыстасці па запрашэнні айцоў кармэлітаў босых узначаліў госць з Мінска — кс. канонік Раман Факсінскі, дырэктар пастырскага цэнтра Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. На пачатку гаміліі святар адзначыў, што прыгожы барочны касцёл, які ўзносіцца на маляўнічым пагорку над возерам Мястра, вельмі нагадвае святыню Stella Maris на святой гары Кармэль, з якой прарок Ілля ўбачыў воблака — правобраз Багародзіцы, якая пазней уручыла прыёру ордэна кармэлітаў Сымону Стоку шкаплер — покрыва абароны ад усялякага зла.

Кс. Раман падкрэсліў, што шкаплер — гэта не амулет, а знак прыналежнасці Богу, пакорнага даверу да Яго па прыкладу Марыі, што з’яўляецца найбольшай зарукай Яго дапамогі і аховы ва ўсіх выпрабаваннях.

Злы дух уцякае ад таго, хто жыве марыйнай пабожнасцю, як св. Ян Павел ІІ, цалкам аддаючыся Марыі — totus Tuus — і праз Яе імкнучыся да Езуса.

Ва ўрачыстасці бралі ўдзел айцы кармэліты з Мядзеля, Нарачы і Мінска, дэкан Мядзельскі кс. канонік Багуслаў Маджэеўскі, пробашч са Свіры, а таксама пробашч парафіі св. апостала Андрэя з Крывічоў кс. Віктар Шчучка, святарскае пакліканне якога вырасла на непрыкметнай сцежцы, што вядзе з Новага Мядзеля ўгору, да касцёла Маці Божай Шкаплернай.

Пасля св. Імшы атмасферу парафіяльнага свята дапоўніла каларытнае выступленне фальклорнага калектыву «Паазер’е» з Паставаў. Пад вясёлыя спевы многія вернікі пусціліся ў скокі разам з артыстамі, і іх радасці не мог стрымаць нават цёплы летнік доджджык, які паліваў з нябёсаў, як у часы прарока Іллі, несучы спакутаванай ад засухі зямлі благаслаўленне і ўрадлівасць.

 

Абноўлена 17.07.2018 11:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.