Пошук


У лес мы прыязджаем на досвітку. Яркія промні сонца толькі-толькі прарэзваюць верхавіны іглістых дрэваў, абуджаючы іх пярнатых кватарантаў, якія тоненькімі трэлямі звонка абвяшчаюць пра надыход новага дня.

«Ціў-ціў-ціў. Цілі-лі. Лью-лю-лю», — лясная сімфонія.

У скаўцкім летніку ціха і чамусьці бязлюдна, але толькі на першы погляд. Прыгледзеўшыся, бачыш: лагер ёсць, але незвычайны. Намётаў няма. Дзе ж начуюць скаўты?

«Жыллё ў лесе мы будуем самі. З бярвенняў і шпагату. Толькі не на зямлі, а на дрэвах. На скаўцкай мове — „піянерка“», — усміхаючыся, уводзіць у курс справаў Віталій Вайцяховіч, кіраўнік летніка.

Бяляваму хлопцу з Барысава толькі 22 гады, а за яго плячыма ўжо больш за 10 гадоў скаўцкай прыгоды. Пакуль мы аглядаемся ў лясным штабе (на мове скаўтаў — „крааль“), Віталій праводзіць для нас лікбез.

«Кап’ё» і «крааль»: мова скаўтаў

«У скаўтаў ёсць свая мова. Агульнабеларускі летнік мы называем „беладжэмам“, скаўты ў ім жывуць у групах: адна група — адно „кап’ё“, якой кіруе кап’явы», — працягвае Віталій.

Некалькі «коп’яў» (ад двух да пяці) аб'ядноўваюцца ў «звяз» на чале са звязовым. Па-іншаму звязовых называюць шэфамі, жывуць яны асобна ад коп’яў, у «краалі» — кіраўнічым цэнтры. Тут мы і знаходзімся.

«Хлопцы яшчэ толькі прачынаюцца. Учора позна ляглі, бо ўначы была ВСГ — вялікая скаўцкая гульня. Трэба было выканаць заданне на спрытнасць і тактыку», — расказвае навіны яшчэ адзін шэф Максім.

Максіму Фоціеву — 23. У скаўтынгу ён трэці год і сёння ён з'яўляецца шэфам «вольных коп’яў» з Мінска і Гомеля.

«За кожнае заданне лепшае з „коп’яў“ атрымлівае на свой сцяжок стужку. Па колькасці такіх стужак і вызначаецца крутасць „кап’я“. Па іх можна пазнаць, наколькі хлопцы спрытныя і якія ўменні ў іх развіты найбольш».

Аляксандр Шэмет трубіць пабудку
Аляксандр Шэмет трубіць пабудку

Тым часам адзін з шэфаў Аляксандр Шэмет ужо рыхтуе горн для пабудкі скаўтаў. Сігналы тут падаюцца азбукай Морзэ на горне. Імгненне — і гук горна запаўняе ваколіцы лесу.

«Самае цяжкое — цягаць бярвенні»

Мінскае кап’ё «Мураш» ў летніку — адно з найбольш прадстаўнічых. У ім сем чалавек. Для 14-гадовага кап’явога Дзяніса Чагана і яго каманды гэта першы такі летнік.

«Самае цяжкое — цягаць бярвенні, — расказваюць хлопцы. — На «піянерку» пайшло два дні. Увогуле летнік падабаецца. Навучыліся калоць дровы, разводзіць вогнішча і раздзьмуваць агонь. Што гатуем? Манку, макароны, рыс, шашлык, салату».

Асаблівую ўвагу звяртае на сябе «падвесны стол». Яго скаўты зрабілі без аніводнага цвіка, як і ўсю «піянерку». Адно з правіл летніка — пашана да прыроды.

Хлопцы расказваюць пра наладжаны быт, паказваюць, як абжыліся за гэтыя некалькі дзён; знаёмяць з распарадкам дня.

«Штодня ў нас ёсць Імша. Кожнае кап’ё па чарзе дапамагае з чытаннямі, песенным суправаджэннем і службай пры алтары. Кожны вечар абмяркоўваем падзеі дня і дзелімся думкамі».

Аповед хлопцаў перарывае горн — час рыхтавацца да зарадкі і шыхтавання.

***

Нішто так не бадзёрыць, як ранішні бег. Так ці не, але ў летніку хлопцы пачынаюць дзень з прабежкі, а пасля збіраюцца на зарадку.

Сёння зарадку праводзіць Аляксандр Шэмет — шэф з Гродна.

«Калі хлопец пройдзе фармацыю скаўтаў, гэта не будзе марным. Скаўтынг развівае рознабаковасць», — адзначае ён.

Пасля зарадкі ў хлопцаў ёсць час, каб прывесці сябе ў парадак — памыцца рачной вадой, пераапрануцца ў скаўцкую форму і падрыхтавацца да шыхтавання.

Хутка надыходзіць і самае прыемнае — снеданне.

***

Аляксандру Шэмету — 24 гады. Каржакаваты хлопец з ільнянымі валасамі — «звязовы» ў Гродне.

«Мая дарога ў скаўтынг распачалася са студзеня 2017 года. У гэты час я вярнуўся з арміі і яшчэ не ведаў, чым заняцца далей. Неяк мяне запрасілі на „зімнік“ (скаўцкі лагер узімку) і зацікаўленасць хутка перарасла ў нешта большае. Я прайшоў скаўцкі курс у Польшчы і паступова стаў шэфам».

Аляксандр адзначае, што асноўны ўхіл скаўтынгу — фармаванне асобы.

«Няма такога, што мы толькі будуем ці толькі бегаем. У сваю прыгоду мы запрашаем Бога. У Польшчы са скаўтаў выходзіць шмат святароў».

Як і навошта прыходзяць у скаўтынг

У Гродне скаўтынг развіваецца на базе парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) ужо каля сямі гадоў. Адно кап’ё адтуль удзельнічае і ў летніку.

«Неяк на катэхезе нам раздалі лістоўкі з аб’явай пра скаўтынг, — прыгадвае 13-гадовы Максім Ардашоў, скаўт з гродзенскага кап’я „Барсук“. — Першы выезд, першы летнік у намётах — усё вельмі спадабалася. Я стаў скаўтам. За гэты час я шмат чаму навучыўся: як служыць на Імшы, як вязаць вузлы, як апрацоўваць раны».

«А мяне тры гады таму прывяла мама. Яна была знаёмая са святаром, які адказваў за развіццё скаўтынгу ў Гродне», — дапаўняе Аляксандр Аслаўскі.

«Скаўтынг аб’ядноўвае людзей з розных гарадоў. Тут ты працуеш, будуеш сабе жыллё, спіш сабе на зямлі, розныя зборы — гэта крута, — дадае 12-гадовы Віктар Кірвель. — Я ў скаўтынгу яшчэ з „ваўчанят“ (так называюць хлопчыкаў да 12 гадоў — Рэд.). Амаль усе, хто быў са мной, пайшлі далей».

«Тут можна навучыцца ўсяму, што трэба: ставіць намёты, збіраць і правільна складаць спальнікі, самім гатаваць і г.д. Я, відаць, самы вопытны скаўт у кап’і», — расказвае Данііл Малахвей, якому споўнілася 16 гадоў.

Час на размову з Богам

На гадзінніку 12.00. Падрыхтоўка да св. Імшы і час для споведзі. Хлопцы, адказныя за суправаджэнне Імшы, настройваюць гітару, паўтараюць песні...

Непрывычна бачыць Імшу без ніводнай дзяўчынкі. І чытанне, і псальм тут рыхтуюць хлопцы. Робяць як умеюць, галоўнае — шчыра.

Кожны дзень у коп’ях праводзяць і «евангелічную гадзіну» — час на разважанне над Божым словам.

«Вучымся браць адказнасць»: чаму вучыць скаўтынг?

Пасля Імшы кіруемся «ў госці» яшчэ ў адно кап’ё — да скаўтаў з Івянца. Кожнае кап’ё тут «раскватаравана» ў розных частках лесу. Каб зайсці, патрэбен дазвол. У нашым выпадку трэба свіснуць і дачакацца свісту ў адказ.

— Віў-віў.

— Ві-iў.

Скаўты івянецкага кап'я
Скаўты івянецкага кап'я

«Мы ўсе з Івянца, з адной парафіі, — расказвае пра кап’ё Ягор Ахрэм. —  Калі штосьці трэба зрабіць у парафіі — дапамагаем. Сваім прыкладам паказваем, хто такія каталіцкія скаўты. Ведаю, што некаторых падлеткаў мы натхняем задумацца пра веру ў Бога.

У скаўтынгу я навучыўся рэлігійным песням, новым малітвам, вязаць гамакі для сну, пазнаёміўся з новымі святарамі».

12-гадовы хлопчык прызнаецца, што вельмі чакае вынікаў кулінарнага конкурса, які ладзіўся сярод «коп’яў»: «Наша кап’ё гатавала бліны з творагам, са смажанымі яблыкамі і з сасіскай. Вынікі даведаемся пад канец летніка».

«Кім бачу сябе ў будучыні? Поварам», — бойка адказвае на пытанне хлопчык.

Артуру Ліпніцкаму і Аляксею Княжэвічу па 14. Яны далучыліся да скаўтаў тры гады таму. «Наша жыццё змяняецца, — дадаюць хлопцы. — Што важна — мы вучымся браць на сябе адказнасць».

Іншыя скаўты кап’я — Аляксандр Ваўчок (16 гадоў), Ілья Дашко (14 гадоў) і Дзмітрый Ахрэм (16 гадоў) жартам прызнаюцца, што самае складанае ў скаўтынгу — у ім застацца.

«Часам бывае цяжка фізічна. „Піянерку“ калі рабілі, то чатыры гадзіны клалі бярвенні. Ці змяняе скаўтынг наш характар? Так. Вучымся кантраляваць эмоцыі. Становімся спакайнейшымі, вучымся адказнасці і самастойнасці».

Скаўтынг як стыль жыцця

«Прынцыпы скаўтаў — гэта паўтарэнне 10 Божых запаведзяў. Ты адказваеш за свае словы, за людзей побач», — завяршае лікбез шэф Максім Фоціеў.

«Калі я вучыўся ва ўніверсітэце, дапамагаў у Доме міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы з Калькуты. Аднойчы мяне папрасілі пазаймацца з „цяжкімі“ падлеткамі. Я спрабаваў праводзіць катэхезы, як рабілі сёстры. Але хутка зразумеў, што дзецям нецікава. Пасля мы пайшлі пагулялі ў футбол, і ўсё пачало змяняцца. Так я зразумеў: каб быў прагрэс, трэба рухацца.

Максім Фоціеў
Максім Фоціеў

Скаўтынг — добрая магчымасць займацца моладдзю ў Касцёле.

Скаўт верны Бацькаўшчыне і шануе прыроду. Мы не сячом здаровыя дрэвы, замест цвікоў выкарыстоўваем вяроўку. Смецце збіраем асобна, арганічнае смецце спальваем.

Скаўтынг ужо становіцца стылем жыцця. Вельмі шкада, што ў маім дзяцінстве не было скаўтынгу. Калі б я быў кап’явым, у мяне ўвесь рукаў быў бы запоўнены налепкамі за ўменні. Гэта вельмі крута!»

«Я, напрыклад, атрымаў адукацыю аўтаслесара, але гэта не перашкаджае мне займацца з дзецьмі. Шмат у чым дапамагаюць іншыя шэфы, я цаню іх падтрымку», — заключае ў размове з Catholic.by кіраўнік летніка Віталій Вайцяховіч.

«Скаўтынг вучыць адказнасці. Праз уменне несці адказнасць ты развіваешся», — упэўнены Віталій.

***

На развітанне суправаджаем хлопцаў на другую частку скаўцкай гульні, якая выявіць лепшых стратэгаў, бегуноў і «абаронцаў» свайго сцяга.

Віталій бярэ горн і робіць вялікі ўдых. Яшчэ імгненне — і хлопцы разбягаюцца «на пазіцыі». Пад вечар тут абяцаюць футбол, лазню і вогнішча, але ўсё гэта пасля. Цяпер — змаганне за гонар кап’я...

Афіцыйна: У Беларусі сёння налічваецца каля 300 каталіцкіх скаўтаў і скаўтак. Пастулаты скаўтынгу — вучоба на практыцы, фармаванне характару, фізічнае развіццё, служэнне іншым і паглыбленне веры.

Абноўлена 17.07.2018 21:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.