Пошук

09.07.2018 19:00   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

«Янка Купала — прарок Беларусі». Такой была тэма сёлетняга Купалава фэсту, які 8 ліпеня прайшоў у Радашковічах.

Таму асабліва вымоўна гучалі ў гэты дзень у святыні, дзе быў ахрышчаны пясняр, словы з Евангелля паводле Марка: «Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй, у родных і ў доме сваім…»

Сённяшнія беларусы павінны шчыра адказаць сабе на пытанне «Хто мы такія?» Павінны прыслухацца да прарочых словаў Купалы, якія клічуць паўстаць з палону заганаў і самападману. Павінны перастаць слухаць фальшывых прарокаў, якія пераследуюць свае інтарэсы, ведучы іншых да згубы. Менавіта гэтаму была прысвечана гамілія кс. каноніка Юрыя Быкава, пробашча радашковіцкай парафіі.

Пара у рукі браць паходні,
Ўставаць, ісці, ноч рассвятляць!
Бо што не возьмеце сягоння,
Таго і заўтра вам не ўзяць,

заклікам, напамінам і перасцярогаю прагучалі з вуснаў святара словы паэта і прарока беларускага народа Янкі Купалы.

Пасля св. Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў кс. Аляксандр Улас, прайшла культурна-грамадская акцыя «Чытаем Купалу разам».

Вершы песняра гучалі ў выкананні дарослых і дзяцей, прадстаўнікоў розных пакаленняў. Заўсёды актуальныя, хоць і напісаныя ўжо каля стагоддзя таму, словы паэта маглі пачуць і нанава пераасэнсаваць не толькі прысутныя ў касцёле вернікі і госці свята, але таксама слухачы «Радыё Марыя».

Працягнуўся фэст на адкрытым паветры, дзе ўсе маглі паласавацца салодкім пачастункам, прыгатаваным гасціннымі радашковіцкімі гаспадынямі. Тут жа гучалі спевы праслаўлення ў выкананні гурта Ubi Caritas, які спяваў таксама і на Імшы. Завяршылася свята, падрыхтаванае радашковіцкай парафіяй сумесна з літаратурным музеем Янкі Купалы, выступленнем фальклорнага калектыву «Мярэжа» і скокамі пад дуду.

Абноўлена 10.07.2018 09:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця