У нядзельны вечар 8 ліпеня гродзенская моладзь выйшла на мясцовы «брадвей» — пешаходную вуліцу ў цэнтры горада, — каб даць сваё сведчанне веры.
Штуршком для гэтага стала пешая пілігрымка Гродна – Тракелі, удзельнікі якой спявалі хрысціянскія песні і танцавалі, праслаўляючы Пана. Некалькі гадоў таму моладзь таксама выходзіла на вуліцы горада, і гэта ўжо стала своеасаблівай традыцыяй.
«Славіць Бога на вуліцы і гаварыць аб Ім — вельмі цяжкая справа, асабліва калі ты адзін, але такія ідэі спяваць разам — гэта добрая магчымасць евангелізацыі на вуліцы.
Многія людзі здымалі нас на тэлефон і пыталіся, адкуль мы. Маю ў сэрцы вялікую радасць, што магу спяваць на хвалу Бога», — кажа ўдзельнік акцыі Раман Кухнавец
У цэнтры горада сабралася моладзь з гродзенскіх парафій Святога Духа (Альшанка), Адшукання Святога Крыжа (бэрнардынскі) і св. Францішка Ксаверыя (катэдральны) разам са святарамі і семінарыстамі.
Як адзначылі ўдзельнікі вулічнай евангелізацыі, гэта была не апошняя іх акцыя.