Пошук


Больш за дзве з паловай тысячы пешых пілігрымаў з усіх дыяцэзій Беларусі прыбылі 1 ліпеня ў Будслаў на святкаванне 20-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай.

Статыстыка пілігрымак

Рэкардсменамі па колькасці пройдзеных кіламетраў сёлета сталі пілігрымы з Брэста, якія ў складзе пілігрымкі Брэст – Баранавічы – Будслаў за 16 дзён пераадолелі 537 (!) кіламетраў.

Гэта была адзіная пілігрымка з Пінскай дыяцэзіі. Яна ж стала і самай масавай, сабраўшы ў дарогу 271 верніка.

250 чалавек прыйшло ў Будслаў з Маладзечна, 221 — з Нарачы, 220 — з Глыбокага.

Чатыры пілігрымкі на шляху ў Будслаў прайшлі больш за 200 км: Брэст – Баранавічы – Будслаў (537 км), Віцебск – Будслаў (290 км), Ліда – Будслаў (250 км) і Росіца – Будслаў (218 км).

270 км праехала роварная пілігрымка з Баранавіч, 250 км — пілігрымы на роварах з Віцебска.

Асобнай пілігрымкай у Будслаў прыбылі вернікі на чале з ксяндзамі салезіянамі (Салезіянская пілігрымка Смаргонь – Будслаў), а  таксама сямейная пілігрымка Equipes Notre-Dame Пузыры – Будслаў, пакутная пілігрымка пакаяння Мінск – Будслаў, пілігрымка цвярозасці Бягомль – Будслаў і асобная пілігрымка дзяўчат-скаўтак «Нацыянальная вандроўка правадніц».

Будслаў і дождж

      

Дождж, які ідзе ў Будславе амаль увесь дзень, прымусіў перанесці запланаваную для пілігрымаў Імшу з вуліцы ў сцены санктуарыя.

Святую Імшу для пілігрымаў узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які ў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адказвае за моладзь. Вітаючы пілігрымаў, іерарх прыгадаў прыпавесць, якая вучыць, што знайсці мора можна ідучы па цячэнні рэк.

«З усіх напрамкаў Беларусі, а таксама і з-за мяжы, нібы рачныя патокі, у Будслаў гадамі ішлі дзясяткі тысяч пілігрымаў, прапітваючы сваёй малітвай асяроддзе і запрашаючы ўсіх да Каралевы сем’яў — да абраза Маці Божай Будслаўскай.

«Мяркую, што дзякуючы вам — пілігрымам — шмат людзей абудзілася ад сну нявер’я», — адзначыў біскуп.

«Словы падзякі пад абразом Маці Божай Будслаўскай скіроўваем да ўсіх, з кім ствараем адну вялікую сям’ю, імя якой Беларусь. Божа, благаславі нашу краіну!» — дадаў іерарх.

У сваёй гаміліі біскуп Станеўскі засяродзіўся на тэме распазнавання сябе і свайго паклікання.

«Стагоддзямі вернікі пры сустрэчы з Марыяй у Будслаўскім санктуарыі паўтараюць за св. Альжбетай поўныя даверу і любові словы: „Благаслаўлёная Ты, Панна Марыя, якая паверыла, што споўняцца словы, сказаныя Табе ад Пана“.

Альжбета распазнае прыходзячага Пана ў сваёй сваячцы — гэта не проста. А як цяжка бывае нам распазнаць Бога, якога добра ведаем? Як лёгка не заўважыць Бога ў тым, што нам блізка!»

«Вера без малітвы не пакідае следу»

Біскуп падкрэсліў, што багацце духоўнага жыцця чалавека залежыць ад паглыблення яго веры.

«Чалавек, які не распазнае Бога, які прыходзіць да яго ў звычайнай штодзённасці, губляе магчымасць спазнання сябе самога», — дадаў іерарх.

Біскуп Юзаф Станеўскі нагадаў, што быць сабой і распазнаваць сябе дазваляе малітва — асабістая, шчырая і дабравольная: «Не можа чалавек лічыць сябе веруючым, калі не моліцца. Яго вера застаецца тэарэтычнай, яе не відаць, яна не пакідае слядоў».

«Хрыстус стукае ў нашы дзверы. Ці мы адчынім іх?»

Як дадаў іерарх, у сваім жыцці чалавек не заўсёды ўсведамляе прысутнасць Езуса, але гэтая прысутнасць «з’яўляецца неўміручай крыніцай чалавечай сілы».

«Хрыстус стаіць побач з намі. „Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, — кажа Езус, — увайду“. Ці адкрылі мы ўжо сэрцы для Хрыста?» — звярнуўся біскуп да моладзі.

Іерарх нагадаў, што 2018 год у Касцёле ў Беларусі праходзіць пад дэвізам «Моладзь — надзея Касцёла і грамадства».

«Папа Францішак на сустрэчы моладзі ў Кракаве сказаў: „Вы маеце патрэбу ў тым, каб адчуць, што хтосьці сапраўды верыць у вас“. Дык ведайце, што Пантыфік верыць у вас, што Касцёл верыць у вас! Даверцеся Касцёлу!

Дарагія сябры, паўтараю за Папам Рымскім: Касцёл у Беларусі верыць у вас, давярае і ўскладае надзею на вас! Бо вы — «пакліканыя з Марыяй да жыцця ў ласцы Божай», — заключыў іерарх.

Біскуп заклікаў моладзь не баяцца будаваць свой дом «у Касцёле і з Касцёлам», а таксама дзейнічаць.

«Недастаткова сядзець за камп’ютарам ці ляжаць на канапе перад тэлевізарам і паўтараць: „Я не грашу“, „Я веру ў Бога“. Трэба ўстаць з канапы, каб быць побач адно з адным і дзяліцца са светам Хрыстом у сабе», — дадаў біскуп.

Аб адвазе і запрашэнні Хрыста ў штодзённае жыццё біскуп заклікаў прасіць у Маці Хрыста.

«Любая моладзь, вы — будучыня Касцёла і грамадства. Дык будуйце ж яе разам з Хрыстом, нашым Збаўцам, і Марыяй, Каралевай Беларусі!» — заключыў іерарх.

Завяршыў св. Імшу сумесны спеў, напісаны адмыслова да 20-годдзя каранацыі папскімі каронамі абраза Маці Божай Будслаўскай, які падрыхтаваў гурт Ubi Caritas з Івянца.

* * *

У Імшы для пілігрымаў, якую ўпрыгожваў спевамі гурт Ave Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, прымалі ўдзел шматлікія святары, кансэкраваныя асобы, а таксама біскупы — прадстаўнікі кожнай дыяцэзіі.

Абноўлена 03.07.2018 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа