Пошук

28.06.2018 15:01   Catholic.by

28 чэрвеня з самага ранку арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў вёску Вішнёўка (Мінскі р-н), у якой спыняліся на начлег удзельнікі пілігрымкі Мінск – Будслаў.

Іерарх цэлебраваў для пілігрымаў ранішнюю св. Імшу.

У сваёй гаміліі Мітрапаліт звярнуў увагу на тое, што ў гэты дзень Каталіцкі Касцёл успамінае святога Ірэнэя, біскупа і мучаніка, які жыў у II стагоддзі.

Святы Ірэнэй быў біскупам Ліёна і шмат зрабіў у барацьбе з ерасямі.

«Ён з’яўляецца для нас прыкладам супрацьстаяння ерасям нашага часу, якія з кожным днём нарастаюць, як снежны ком», — сказаў іерарх.

Паводле слоў арцыбіскупа, гісторыя хрысціянства сведчыць, што Бог можа дапамагчы выправіць памылкі чалавека, але спачатку чалавек сам павінен усвядоміць свой грэх.

Як зазначыў іерарх, Стары Запавет паказвае, як выбраны народ адчуваў Божае благаслаўленне, жывучы паводле Божага закону, але праз адыход ад Бога трапіў у Бабілонскую няволю.

«Праблемы, якія мы перажываем, могуць мець добры эфект. Кожны боль, з аднаго боку, з’яўляецца вялікім злом, але з іншага — благаслаўленнем, бо змушае нас звярнуцца да лекара. Калі б нам нічога не балела, мы не звярталіся б да лекара, хоць, можа, і былі б хворымі», — сказаў арцыбіскуп.

«Тое ж адбываецца і ў духоўным сэнсе: калі ведаем наш грэх, з Божай дапамогай можам з ім змагацца», — падкрэсліў іерарх.

Звяртаючыся да Евангелля гэтага дня, Мітрапаліт Кандрусевіч адзначыў, што, калі Божае слова і яго ўспрыняцце сфарміруюць наша жыццё, мы зможам вытрымаць любыя штормы, якія здараюцца на шляху.

 

«Прыкладам гэтаму можа быць Марыя, якая слухала словы свайго Сына і разважала над імі ў сэрцы. На вяселлі ў Кане Галілейскай Яна заклікала чыніць тое, што скажа Яе Сын, і стаўся цуд.

Будзем і мы чыніць тое, што кажа Сын Марыі — Езус. А Ён кажа навяртацца і верыць у Евангелле. Няхай шлях пілігрымкі стане для ўсіх нас шляхам навяртання і ўмацавання нашай веры», — заключыў іерарх.

Абноўлена 28.06.2018 23:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця