Пошук

Капліца ў Фашчаўцы. Фота А. Грудзіны
Капліца ў Фашчаўцы. Фота А. Грудзіны

2 чэрвеня ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў аграгарадку Фашчаўка Шклоўскага раёна (Магілёўскі дэканат) адбыўся парафіяльны адпуст. Фэст сабраў вернікаў не толькі мясцовай каталіцкай супольнасці, якія жывуць у самім аграгарадку і навакольных вёсках, але і пілігрымаў з Мінска, Магілёва, Горак, Шклова, Маладзечна.

На пачатку ўрачыстасці краязнавец са Шклова Аляксандр Грудзіна пазнаёміў прысутных з гісторыяй касцёла ў колішняй вёсцы Фашчаўка, пасля чаго з прывітальным словам звярнуўся фашчаўскі пробашч кс. Аляксандр Шупенька.

Фота А. Грудзіны

Цэлебрацыю св. Імшы ўзначаліў пробашч конкатэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве кс. Віталій Маргуноў, а гамілію прамовіў а. Віталій Чабатар, вікарый парафіі Святога Антонія з Магілёва.

Фота А. Грудзіны

«Няхай Маці Божая Фашчаўская і надалей вучыць усіх нас, дапамагае нам і заўсёды адказвае на нашы просьбы і малітвы!» — завяршыў сваё настаўленне малітоўным заклікам святар з законніцкай супольнасці клярэтынаў.

Гістарычная даведка

Каталіцкая супольнасць з’явілася ў Фашчаўцы не пазней за сярэдзіну XVII ст. У 1738 г. тут было распачата будаўніцтва новага мураванага касцёла. У 1754 г. новапабудаваная святыня была асвячана ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Паводле мясцовых паданняў, цэглу на новы мураваны касцёл выраблялі за дзесяць кіламетраў ад Фашчаўкі — у Гарадзішчы. Адтуль яе па ланцужку з рук у рукі перадавалі на будову святыні.

Касцёл у Фашчаўцы на малюнку Напалеона Орды. © Radzima.org
Касцёл у Фашчаўцы на малюнку Напалеона Орды. © Radzima.org

Святыня, якая адрознівалася вялікімі памерамі, была відаць па-над лясамі за 15 кіламетраў, а пры добрым надвор’і — аж з Магілёва, за паўсотні кіламетраў ад Фашчаўкі.

Цудатворны абраз Маці Божай Фашчаўскай на старажытным абразку © Radzima.org
У фашчаўскім касцёле было адзінаццаць алтароў. У галоўным алтары змяшчаўся абраз Маці Божай Фашчаўскай (Хвашчоўскай), які лічыўся цудатворным. У запісах, датаваных 1787 г., паведамляецца: 

«Найсвяцейшая Багародзіца вядомая амаль два стагоддзі шматлікімі міласцямі і цудамі ў сваём Фашчаўскім абразе, здзейсніла ў гэтым годзе цудадзейныя доказы сваёй мацярынскай дабрыні».

Пра рэлігійнае жыццё ў вёсцы Фашчаўка ў свой час згадвала і першая беларуская газета на роднай мове «Наша Ніва». У кастрычніку 1908 г. у ёй паведамлялася:

«Тутака [у Фашчаўцы] скрозь жывуць беларусы, але ёсць і трохі літвінаў. Вось, у тутэйшым касцёле завёўся цяпер парадак, што казанні ксяндзы кажуць па-польску, па-літоўску і па-беларуску; таксама спявае народ песні касцёльныя ў гэтых трох мовах. Беларусы тутэйшыя, як пачулі першы раз казанні ў сваёй мове, дык ад радасці аж заплакалі».

Пасля Кастрычніцкага перавароту распачаліся гады ваяўнічага атэізму і пераследу веры. 13 чэрвеня 1937 г., калі большасць мясцовых вернікаў скіраваліся на адпуст св. Антонія ў Магілёў, «невядомыя» разбілі і абрабавалі абраз Маці Божай з касцёльнага алтара.

Пазней былі арыштаваныя ксёндз Пётр Януковіч, арганіст Марцін Секацкі, старшыня касцёльнага камітэта Ігнат Давідовіч, бацька і сын Крупенькі і яшчэ некалькі парафіянаў. Пасля «працэсу», што апісваўся ў шклоўскіх газетах, яны былі расстраляныя на працягу тыдня.

Фашчаўскі касцёл незадоўга да знішчэння © Radzima.org

Пасля вайны ўлады спрабавалі зрабіць у касцёле клуб, аднак з-за агульнага супраціву жыхароў вымушаны былі адмовіцца ад гэтай ідэі. Тады касцёл вырашылі проста знішчыць. Паводле некаторых звестак, 24 снежня 1967 г. велічны будынак каталіцкай святыні ў Фашчаўцы быў узарваны. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, «касцёл лёгка ўзняўся і апаў. Снег быў чырвоны ад цаглянага пылу, як быццам ад крыві…».

Сёння ў Фашчаўцы дзейнічае новапабудаваная капліца, дзе рэгулярна цэлебруецца св. Імша і адбываюцца набажэнствы.

Абноўлена 31.05.2019 08:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа