Гісторыя пра тое, як кс. Юрый Жэгарын, пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла ў Навагрудку, падтрымаў ініцыятыву парафіянаў — і цяпер парафіяльныя навіны можна «перадаваць з рук у рукі».
Навіны на 12 старонак
«Парафіяльныя навіны» Навагрудка прэтэндуюць стаць першай касцёльнай газетай у гісторыі былой сталіцы ВКЛ. Газету пачалі выдаваць у красавіку.
«Трэба рабіць стаўку не толькі на інтэрнэт, — лічыць кс. Юрый Жэгарын. — Ёсць пэўная аўдыторыя, якая інтэрнэтам не карыстаецца або не праводзіць там столькі часу, каб чытаць у сеціве навіны пра парафію».
Святар дадае, што друкаванае выданне заўсёды больш «рэальнае» чым аналаг у інтэрнэце.
«Пасля першага нумара пачалася зваротная сувязь — людзі актыўна дзеляцца ідэямі для матэрыялаў, — задаволена адзначае пробашч. — Свой напрамак мы акрэслілі як грамадска-рэлігійны і пішам пра ўсе падзеі, які адбываюцца ў парафіі».
Пераважная большасць аўтараў складаюць педагогі. У складзе рэдакцыі шэсць чалавек, пробашч выступае як галоўны рэдактар.
«Тэмы для будучых нумароў мы абмяркоўваем загадзя. Газету друкуем на каляровым прынтары абмежаваным накладам (згодна з законам аб СМІ газету можна не рэгістраваць, калі яе наклад не перавышае 299 асобнікаў — Рэд.)», — распавядае кс. Юрый.
Рэдактар дадае, што сёння рэдакцыя марыць пра ўласны фотаапарат. «Вакансія» парафіяльнага фатографа пакуль не занятая.
«З назвай мы канчаткова яшчэ не вызначыліся, — адзначае святар. — Пакуль што газета выходзіць як „Парафіяльныя навіны“. Спадзяюся, конкурс назваў дапаможа падабраць больш аптымальны варыянт».
Пра пашырэнне гарызонтаў, магчымыя рэгістрацыю і падпіску гаворка пакуль не ідзе: «трэба замацаваць ініцыятыву, якая ёсць».
«Калі будуць сілы і імпэт, то такая газета стане толькі ўзбагачэннем Касцёла. Мэта каталіцкіх СМІ паводле навучання Касцёла — у паглыбленні ўзаемаадносін.
Кожная парафія — гэта сям’я. І чым больш людзі пазнаюць адно аднаго, тым больш яны збліжаюцца і адкрываюцца, пачынаючы супрацоўнічаць на Божую хвалу. Таму наша задача — паглыбленне парафіяльнай, „сямейнай“ сувязі», — заключае кс. Юрый Жэгарын.
Атрымаць газету можна, замовіўшы асобнік папярэдне па электроннай пошце: nowogrudec@gmail.com