Пошук

31.05.2018 13:01   Кс. Юзаф Сярпейка / Фота: Глеб Чэлачэў / Catholic.by

Прэзентацыя першага поўнага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання Новага Запавету на беларускай мове прайшла ў Магілёве 30 мая.

Арганізатарамі выступілі Рыма-Каталіцкі Касцёл у асобе біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, біскупскага вікарыя для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці, і Магілёўская абласная бібліятэка імя У. Леніна ў асобе дырэктара Ілоны Сарокінай.

У прэзентацыі прымалі ўдзел прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, мясцовых органаў улады і апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, грамадскіх арганізацый, а таксама шматлікія вернікі, святары і кансэкраваныя асобы.

«Для мяне вялікай радасцю з’яўляецца ваша сённяшняя прысутнасць, удзел і адказ на нашае запрашэнне прыбыць сюды, — сказаў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. — 2017 год быў адметным для нашай краіны з прычыны святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Нам, хрысціянам Беларусі, нельга забываць, што менавіта Біблія стала першай надрукаванай нашым суайчыннікам кнігай.

Для Францішка Скарыны першасным было не проста надрукаваць кнігу, стаўшы першадрукаром на нашых землях. Найбольш важным для яго было выданне менавіта Бібліі, на мове, зразумелай звычайным людзям, каб Божае слова чыталі і каб — як казаў сам Скарына — „лекі для душы і для цела“ адтуль бралі», — зазначыў біскуп.

Вітаючы старшыню беларускага епіскапату арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, біскуп Яш эўскі павіншаваў яго з гадавінай прэзбітэрскага пасвячэння:

«Эксцэленцыя, 37 гадоў таму, 31 мая 1981 года Вы былі пасвячаныя ў святары. Дазвольце напярэдадні гэтай даты ад імя ўсіх нас тут прысутных павіншаваць Вас, падзякаваўшы ў першую чаргу за Вашае пакліканне, за плённыя гады святарскага служэння, а таксама пажадаць Вам, каб узмоцненыя Божымі дарамі Вы і надалей з той жа руплівасцю і адданасцю служылі нашаму Каталіцкаму Касцёлу і беларускаму грамадству. Многае лета Эксцэленцыя. Plurimos annos!»

Біскуп Аляксандр прывітаў таксама прадстаўнікоў Беларускай Праваслаўнай Царквы, кіраўніка прэсвітэрыянскай Царквы Івана Масюра, прадстаўнікоў мясцовай улады, дырэктара Магілёўскай абласной бібліятэкі Ілону Сарокіну, усіх прыбылых прэлатаў і канонікаў, святароў і сясцёр законных Магілёўскага рэгіёну і вернікаў, а таксама членаў «Таварыства Беларускай мовы імя Фр. Скарыны» ў Магілёве на чале з іх кіраўніком Алегам Дзьячковым, членаў дабрачыннага фонда «Адкрытыя Сэрцы» і яго дырэктара Уладзіслава Валаховіча, сацыяльных педагогаў ДУА «Мяжысецкая СШ».

«Няхай гэтая кніга, якую сёння прэзентуем у нашым славутым Магілёве прынясе ў нашыя дамы і сем’і радасць, супакой, праўду і веру — усё тое, чаго так прагне чалавечае сэрца», — сказаў іерарх.

Асаблівыя словы прывітання і падзякі былі скіраваны да адказных за выданне першага поўнага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання Новага Запавету на беларускай мове пры секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ кс. каноніка Яна Крэміса і Марыны Пашук. Біскуп Яшэўскі падзякаваў ім за асабісты ўклад у гэтай справе і ўсёй секцыі, якая працавала над выданнем.

Са словамі прывітання звярнуўся і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які прадставіў гістарычную спадчыну каталіцкага Касцёла на Магілёўшчыне і пажадаў плённага развіцця Магілёўскаму рэгіёну асабліва ў духоўных каштоўнасцях.

Біблія як кніга адказаў на пытанні

Іерэй Віктар Нікішаў, адказны за моладзь у Магілёўска-Мсціслаўскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы (далей — БПЦ) зазначыў, што выданне Святога Пісання на беларускай мове вельмі важнае для моладзі, якая ўсё больш свядома размаўляе па-беларуску.

«Пераклад Божага слова на беларускую мову дапамагае такім чынам развівацца і ўзрастаць таксама духоўна», — сказаў іерэй.

Прадстаўнік Бабруйска-Быхаўскай епархіі БПЦ протаіерэй Дзмітрый Баркар, падкрэсліваючы значэнне гэтай падзеі, звярнуў увагу прысутных на тое, што «менавіта дзякуючы зразумелай для чытача мове можна дакрануцца да Слова Бога».

«Вельмі важна, каб чалавек меў магчымасць пазнаваць Слова Бога. Слова, у якім можна знайсці поўныя і задавальняючыя адказы на ўсе свае пытанні», — падкрэсліў протаіерэй.

Удзячнасць Каталіцкаму Касцёлу за клопат у перадачы Божага Слова на роднай мове ў сваю чаргу выказаў і кіраўнік Прэсвітэрыянскай Царквы ў Магілёве Іван Масюр.

     

«Біблія — пастулат, які не змяняецца»

Загадчык сектара па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Магілёўскім аблвыканкаме Сяргей Савенка, нагадваючы гісторыю з’яўляення рыма-каталіцкага выдання Новага Запавету на беларускай мове, падзякаваў за клопат і ўклад у развіццё культуры беларускага народа і беларускай мовы.

Намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка, падкрэсліваючы важнасць выдадзенай Бібліі, адзначыла, што кніга кніг  з’яўляецца гарантам поўнай праўды і парадку справядлівасці, «да якога заўсёды можна звярнуцца ў сённяшнім зменлівым свеце».

«Біблія — гэта адвечна праўдзівы пастулат, які ніколі не змяняецца», — зазначыла Ала Галушка.

Наступным момантам прэзентацыі стаў даклад на тэму: «Беларускія пераклады Святога Пісання 1926–2017», які прадставіла доктар біблійнай тэалогіі Марына Пашук, супрацоўніца секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ.

Пасля арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам быў прадстаўлены экземпляр «Новага Запавету» на беларускай мове. Пасля яго прэзентацыі іерарх уручыў асобнікі выдання ганаровым госцям.

Прэзентацыю кнігі Новага Запавету сваімі спевамі ўпрыгожваў жаночы хор магілёўскага катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава пад кіраўніцтвам Яны Шумскай.

Завяршыў прэзентацыю сумесна выкананы гімн да Маці Божай Бялыніцкай, апякункі Магілёўскай вобласці.

Абноўлена 01.06.2018 08:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа