Пошук

31.05.2018 12:51   Catholic.by

Прывітальнае слова
арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

падчас прэзентацыі першага поўнага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання Новага Запавету

г. Магілёў, Абласная бібліятэка, 30 мая 2018 г.

Ваша Эксцэленцыя, праважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, спадарыні і спадары!

1. Сардэчна вітаю ўсіх вас, хто прыняў запрашэнне на прэзентацыю першага афіцыйнага выдання Каталіцкім Касцёлам Новага Запавету.

Найперш хачу выказаць падзяку Яго Эксцэленцыі ксяндзу біскупу Аляксандру Яшэўскаму, які адказны за пастырскую дзейнасць у магілёўскім регіёне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, за арганізацыю сённяшняга мерпрыемства.

Дзякую Магілёўскай абласной бібліятэцы за магчымасць правесці прэзентацыю.

Выказваю вялікую радасць з прысутнасці на гэтым мерапрыемстве прадстаўнікоў іншых веравызнанняў, у першую чаргу Праваслаўнай Царквы, прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў г. Магілёва і Магілёўскай вобласці, людзей свету культуры і навукі. Гэта знак добрых міжканфесійных адносін, а таксама знак адкрытасці грамадства на духоўнасць і плённага супрацоўніцтва паміж Касцёлам і дзяржавай.

Сімвалічна і лагічна, што прэзентацыя Новага Запавету адбываецца ў бібліятэцы, бо слова «бібліятэка» паходзіць ад слова Біблія.

2. Сённяшняя прэзентацыя працягвае шэраг падобных мерапрыемстваў, якія ўжо адбыліся. Найбольш знакавым з іх была прэзентацыя ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь 19 снежня 2017 года.

Яна прайшла з вялікім поспехам і мела шырокі водгук у нашай краіе і за яе межамі. 1 лютага падчас візіту беларускіх біскупаў Ad limina apostolorum («Да апостальскіх парогаў») асобнік Новага Запавету быў уручаны папу Францішку.

На шляху прэзентацый немагчыма было мінуць старажытны Магілёў, багаты як на праваслаўныя, так і каталіцкія традыцыі. Ужо сам факт, што у царскія часы тут існавала самая вялікая па тэрыторыі ў свеце Магілёўская Мітраполія (ад Балтыйскага мора да земляў Далёкага Усходу), гаворыць сам за сябе і каштуе дарагога.

Усё гэта нагадвае пра тое, што старажытны горад над Дняпром упісаўся ў гісторыю Каталіцкага Касцёла не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Украіне, Малдове, Каўказскіх і Сярэднеазіяцкіх рэспублік.

З нагоды Юбілейнага Скарынаўскага года, які адзначаўся ў мінулым годзе, стараннямі біскупа Аляксандра Яшэўскага былі арганізаваны Магілёўскія біблійныя чытанні. Цягам чатырох нядзель у верасні чыталася Евангелле паводле Марка, пры вельмі актыўным удзеле хрысціян розных веравызнанняў.

Таму лагічна, што сёння ў Магілёве адбываецца знакавая падзея прэзентацыі першага каталіцкага афіцыйнага выдання Новага Запавету.

3. Стымулам да перакладу Бібліі стала адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне пасля трох пакаленняў ганенняў і абуджэннне беларускай самасвядомасці. У каталіцкай літургічнай практыцы шмат месца займаюць чытанні з Новага і Старога Запаветаў. Яны прысутнічаюць у цэлебрацыі Эўхарыстыі, сакрамэнтаў і іншых, таксама пазалітургічных, набажэнстваў.

Другі Ватыканскі Сабор, які адбываўся ў 1963-65 гг. шмат увагі прысвяціў вяртанню Ad fontes («Да вытокаў»), гэта азначае да крыніц нашай веры.

Адной з іх, разам з Традыцыяй, з’яўляецца Святое Пісанне. Сабор прадпісаў большае, чым было раней, выкарыстанне Божага слова ў набажэнствах з яго тлумачэннямі. Гэтым самым Касцёл імкнецца данесці да вернікаў заўсёды жывое і дзейснае Божае слова (пар. Гбр 4, 12), з якога нараджаецца вера і якое здольна перамяніць чалавека.

У сувязі з гэтым, распачаты напрыканцы 1980-х і пачатку 1990-х гадоў працэс адраджэння Касцёла на Беларусі, адзначыўся падрыхтоўкай літургічай літаратуры на беларускай мове. Гэта выклікала вострую неабходнасць перакладу Бібліі. Розныя святары і свецкія асобы шмат часу і высілкаў прысвяцілі гэтай справе. Усім ім, асабліва святой памяці кс. Уладзіславу Чарняўскаму, трэба выказаць падзяку, бо яны сталі ініцыятарамі перакладу Божага слова на сучасную беларускую мову.

Аднак гэтыя пераклады, хаця мелі і надалей прадстаўляюць вялікую каштоўнасць, з-за таго, што выконвалілся рознымі аўтарамі, не былі аднолькавымі і таксама не былі аўтарызаванымі адпаведнай касцёльнай уладай, чаго патрабуе касцёльная дысцыпліна. Касцёл у афіцыйных набажэнствах можа выкарыстоўваць толькі зацверджаныякасцёльнай уладай пераклады, у тым ліку і Бібліі.

З мэтай здзяйснення аўтарызаванага перакладу афіцыйных касцёльных тэкстаў 1992 г. была заснавана Камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры. З цягам часу яна змяняла свае назвы, пакуль у 2004 г. пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі не была заснавана Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.

Заснаванне афіцыйнай структуры пазітыўна паўплывала на арганізацыю згодных з касцёльнымі нормамі перакладаў. Разам з перакладам літургічных і афіцыйных дакументаў тэкстаў распачаўся пераклад тых тэкстаў Святога Пісання, якія выкарыстоўваюцца ў набажэнствах. А іх выкарыстоўваецца шмат. І так патроху за 15 гадоў быў перакладзены Новы Запавет і каля 70 працэнтаў Старога.

4. Мінулагодняе святкаванне Юбілею 500-годдзя выдання Бібліі нашага славутага земляка, усходняеўрапейскага першадрукара Францішка Скарыны, стала добрай нагодай для выдання першага афіцыйнага рыма-каталіцкага перакладу Новага Запавету на беларускай мове.

Праваслаўная Царква таксама ў 2017 г. выдала свой пераклад Новага Запавету.

Паралельнае і практычна адначасовае выданне Новага Запавету на беларускай мове нашымі Цэрквамі-сёстрамі вельмі сімвалічна. Гэта сумесны адказ на знакі часу аб неабходнасці даць нашаму народу Божае слова на яго роднай мове з мэтай яго евангелізацыі.

Выданні і прэзентацыі праваслаўнага і каталіцкага выданняў Новага Запавету сталі кульмінацыйным пунктам святкавання скарынаўскага Юбілею Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой у Беларусі.

5. Новы Запавет, які абвяшчаў Езус, выдадзены. Падобна таму, як недастакова толькі набыць у аптэцы лекі, бо іх трэба прымаць, каб выздаравець, таксама і са Святым Пісаннем. Недастаткова толькі набыць гэту кнігу веры і паставіць на паліцу. Яе трэба вывучаць, бо, хаця свет мяняецца, аднак ніводная літара Божага закону не зменіцца (пар. Мц 5, 18), як кажа Езус. А Яго словы — гэта праўда, якая заўсёды застаецца той самай. Яго словы — гэта святло, якога цемра не можа ахінуць. Яго словы — надзея, якая не падводзіць.

Няхай старажытны Магілёў, дзякуючы Божаму слову, будзе заўсёды маладым духам. І падобна таму, як вечна плывуць воды вялікага Дняпра, так няхай вечна гучыць на Магілёўшчыне сіла Божага слова, здольная перамяніць чалавека.

Дзякую за ўвагу.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа