Пошук

30.05.2018 07:35   Паводле: waladarka.by / Святлана Жылевіч / Catholic.by

26 мая ў базыліцы Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Тшэбіні (Польшча) адбылося прэзбітэрскае пасвячэнне пяці дыяканаў з законніцкай супольнасці сальватарыянаў. Сярод іх быў і наш зямляк, ужо ксёндз Яўген Жукоўскі.

Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Катавіцкай архідыяцэзіі Адам Вадарчык, які ўдзяліў дыяканам сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату.

Сярод новапрэзбітэраў акрамя беларуса, ураджэнца сінявокай Браслаўшчыны, прадстаўнікі Польшчы, Чэхіі і Гандураса.

Да гэтай падзеі будучыя святары рыхтаваліся не толькі падчас навучання ў семінарыі, але і праз удзел у рэкалекцыях, апошнія з якіх адбыліся напярэдадні прэзбітэрскага пасвячэння — з 20 па 25 мая. Гэты час стаў для іх часам асаблівага роздуму над сваім пакліканнем і асабістай сустрэчай з Богам перад прыняццем важнага рашэння.

Склад гасцей, прысутных на пасвячэнні, быў інтэрнацыянальным, як і самі новапрэзбітэры. Ва ўрачыстасці бралі ўдзел пробашч браслаўскай парафіі Нараджэння Маці Божай парафіі кс. Станіслаў Мжыглуд SDS, а таксама бацькі, родныя і знаёмыя кс. Яўгена. У нядзелю 27 мая ў парафіі св. Юды Тадэвуша і св. Антонія Падуанскага ў Абарніках Слёнскіх адбылася прыміцыйная св. Імша новапрэзбітэра з Беларусі: менавіта ў гэтай супольнасці ён праходзіў практыку.

Вернікі браслаўскай парафіі радуюцца разам са сваім земляком-новапрэзбітэрам і жадаюць яму моцнай веры, вытрымкі і шчырасці перад самім сабой і перад Богам на абраным святарскім шляху. Няхай яго жыццё і служэнне нясе дабро і супакой у чалавечыя сэрцы, няхай як мага больш людзей пазнаюць і палюбяць Бога дзякуючы яго адданай працы.

Прыміцыйная св. Імша кс. Яўгена Жукоўскага SDS на Радзіме адбудзецца ў Браславе 24 чэрвеня а 11-й гадзіне.

Напрыканцы св. Імшы новапрэзбітэр удзеліць прыміцыйнае благаслаўленне.

Абноўлена 30.05.2018 07:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа