26 мая дзясяткі хлопцаў і дзяўчат з усёй дыяцэзіі сабраліся ў Пінску з нагоды традыцыйнага дня моладзі.
Сёлета праграма дыяцэзіяльнай сустрэчы была вельмі насычанай. Распачалася яна супольным Вяночкам да Божай Міласэрнасці і праслаўленнем Бога ў духу Тэзэ.
Тэрыторыя духоўнай семінарыі і пінскай катэдры была падзелена на некалькі зон. Удзельнікі малітоўнай сустрэчы маглі засяродзіцца на духоўных разважаннях, пагуляць у футбол, вывучыць новыя танцы ці проста пагуляць на свежым паветры.
Прыхільнікі музычнай творчасці ўзялі ўдзел у адмысловым майстар-класе, а скаўты з мозырскай парафіі зладзілі для гасцей адмысловы квэст. Таксама дзейнічала і фотазона.
Цэнтральным пунктам праграмы стала святая Імша ў пінскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У сваёй гаміліі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка засяродзіў увагу моладзі на таямніцы Найсвяцейшай Тройцы.
Пасля супольнай Эўхарыстыі гасцей сустрэчы чакаў святочны канцэрт, у якім выступілі семінарыйны гурт «Подых Духа», калектыў Veni з Навагрудка і The Crossway з Баранавічаў.