23 мая ў Баранавічах прайшоў Першы адкрыты фестываль «Вясёлка талентаў», арганізаваны Супольнасцю сясцёр місіянерак Святой Сям’і для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Удзел у фестывалі бралі ўстановы Баранавічаў і Баранавіцкага раёна, якія займаюцца выхаваннем дзяцей-інвалідаў.
На працягу амаль дзвюх гадзін дзеці дзяліліся сваімі талентамі ў розных жанрах: вакал, харэаграфія, мастацкае слова, інструментальны жанр. Кожны ўдзельнік атрымаў памятны дыплом, медаль і падарунак.
Акрамя таго, былі вызначаны тры найбольш адметныя выступленні. Журы асаблівым чынам адзначыла выступленні танцавальнага гурта «Фантазёры» выхаванцаў дома-інтэрната з в. Гарадзішча, Кацярыны Рэшатко з Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва г. Баранавічы і Аляксандра Макарэвіча з Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Баранавіцкага раёна. Намінаваныя ўдзельнікі атрымалі дыпломы і падарункі.
Арганізатары лічаць, што фестываль «Вясёлка талентаў» стаў пацвярджэннем неабходнасці творчай працы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дапамог звярнуць увагу грамадскасці на праблему адносін да інвалідаў, падарыць надзею ўсім, хто прысвячае сябе працы з найбольш патрабуючымі.
На іх думку, фестываль таксама паказаў, што дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з’яўляюцца каштоўнасцю для ўсяго грамадства, дзякуючы якой людзі вучацца цаніць тое, што атрымалі ад Бога.