17 мая ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія) адбыўся чарговы Адкрыты фестываль мастацтваў «Вясёлка талентаў», які ўжо сем гадоў збірае таленавітых дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Па традыцыі, якая склалася за час існавання фестывалю, харэаграфічыя, вакальныя, тэатральныя нумары былі прадстаўлены ў канцэртнай частцы, а працы жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — на выставе, са знаёмства з якой і распачалося свята здольнасцяў асаблівых дзетак.
Геаграфія мерапрыемства з кожным годам усё больш пашыраецца, і сёлета на фестываль прыехала шмат удзельнікаў з новых мясцін, а менавіта з Магілёва, Малоткавічаў, Мінска, Нясвіжа, Параф’янава, Пінска і, вядома, з Баранавічаў і Баранавіцкага раёна.
Фестываль стаў сапраўднай урачыстасцю неабмежаваных магчымасцяў для ўсіх дзяцей Божых.
Хоць многія з удзельнікаў не могуць размаўляць, некаторыя — хадзіць, але кожны стараецца праявіць сябе у творчасці праз спеў, танцы, вершы. Таму для іх важная падтрымка і чулае сэрца гледача. Пераканаўшыся ў гэтым на ўласным досведзе, арганізатары фестывалю «Вясёлка талентаў» лічаць, што такія і падобныя мерапрыемствы неабходныя для дзяцей з асаблівасцямі, каб адчуваць, што яны не адныя, што побач ёсць людзі, якія іх прымаюць і падтрымліваюць.
«Няхай Пан Бог трымае ў сваіх абдымках кожнага ўдзельніка фестывалю, а іх бацькоў і выхавацеляў шчодра ўзнагародзіць патрэбнымі ласкамі за іх клопат, цярплівасць, спагаду і любоў да сваіх „асаблівых“ дзетак», — жадаюць сёстры місіянеркі Святой Сям’і і ўсе тыя, хто ўжо сем гадоў арганізуе гэтае мерапрыемства.