
Шосты адкрыты фестываль мастацтваў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця «Вясёлка талентаў», арганізаваны Кангрэгацыяй сясцёр місіянерак Святой Сям’і, адбыўся 11 мая ў Палацы культуры «Тэкстыльшчык» у Баранавічах (Пінская дыяцэзія).
Ужо ў шосты раз фестываль сабраў таленавітых, адораных рознымі здольнасцямі «асаблівых» дзяцей і юнакоў.
Арганізатары з задавальненнем адзначаюць, што з года на год пашыраецца «геаграфія» баранавіцкага фестывалю для «асаблівых» дзетак.
Так, сёлета да «Вясёлкі талентаў» далучыліся ўдзельнікі з Нясвіжа і Магілёва. Гэты факт сведчыць пра тое, што ўсё больш «асаблівых» дзяцей і юнакоў жадаюць падзяліцца сваімі талентамі, паказаць іншым, наколькі адораны Богам.

Цёплая атмасфера дабрыні, радасці і прыняцця панавала сярод удзельнікаў і гасцей фестываля. Як адзначыла арганізатар, «гэта не конкурс: гэта свята!».
Сёлетні фестываль «Вясёлка талентаў» прайшоў пад дэвізам: «Сляды любові і міласэрнасці».
Дэвіз фестываля падкрэслівае, што кожны ўдзельнік пакідае свой непаўторны след у жыцці гледачоў. Прычым гэта ўзаемна: дзеці вучаць усіх тых, з кім дзеляцца сваімі талентамі, любіць жыццё, радаваццца кожнаму яго імгненню, адчуваць удзячнасць за тое, што маем, бо часам чалавек можа згубіць здольнасць да падзякі. З другога боку, удзельнікі самі перажываюць вялікае задавальненне і ўдзячнасць за тое, што могуць быць прынятымі такімі, якімі ёсць.
Арганізатары шчыра дзякуюць усім, хто праявіў неабыякавасць і прыйшоў падтрымаць удзельнікаў фестывалю «Вясёлка талентаў».

































