Пошук

28.05.2018 11:23   Тэкст і фота: Алесь Грудзіна / Catholic.by

27 мая Касцёл адзначаў урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. Касцёл ў Касцюковічах, на ўсходзе Магілёўшчыны, носіць тытул Найсвяцейшай Тройцы, таму для касцюковіцкіх католікоў гэты дзень з’яўляецца асаблівым святам.

Напярэдадні на святочную Імшу сабраліся вернікі не толькі з Касцюковіч, але і з іншых куткоў Магілёўшчыныі.  Да Касцюковічаў у гэты дзень вернікі прыбылі з Магілёва, Крычава, Чавусаў, Шклова, Княжыц, Фашчаўкі. Асобныя вернікі былі нават з Крупак Мінскай вобласці.

Распачалася ўрачыстаць святой Імшой ў касцюковіцкім касцёле а 15-й гадзе, якую ўзначаліў біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

У сваёй гаміліі іерарх адзначыў, што сённяшняй асобнай урачыстасцю мы ўшаноўваем Найсвяцейшую Тройцу, адзінага Бога у трох асобах: Бога Айца, Божага Сына і Святога Духа. Пасля біскуп спытаўся ў вернікаў: «Калі наш абмежаваны розум не можа зразумець таямніцу існавання аднаго Бога ў трох Асобах, ці трэба нам тады паглыбляць сваі веды ў пазнанні Бога?» І кажа далей: «Так, абавязкова трэба. Любоў, гэтае шчырае і трывалае пачеццё, кажа нам пазнаваць Таго, каго любім. Трэба шукаць Бога ўсім сваім сэрца, а кожны, хто шчыра палюбіць Бога, той Яго і бліжэй пазнае».

      

Далей біскуп падрабязна спыніўся на неабходнасці кожнаму верніку смела рабіць знак Святога Крыжа, бо гэта знак Найсвяцейшай Тройцы.

Іерарх нагадаў: «Вернік павінен мець звычку рабіць знак Святога Крыжа ў імя Святой Тройцы штодзень, зранку, перад пачаткам кожнай працы, пры спажыванні ежы, а таксама ўвечары. Не трэба саромецца гэтага знаку веры. Трэба мужна вызнаваць яе і заўсёды памятаць, што калі мы саромемся рабіць знак святога Крыжа — саромемся прызнацца да любячага нас Бога, дзецьмі Якога ўсе з’яўляемся».

Напрыканцы іерарх пажадаў парафіянам, каб «кожны навучыўся ад Бога Айца ствараць добрыя рэчы, пачынаючы ад сваіх думак, слоў і ўчынкаў. Ад Божага Сына навучыцца ахвярнай любові і дару прабачэння. А ад Духа Святога мець добры Божы позірк на людзей і з Яго дапамогай добра радзіць іншым».

Пасля Імшы каля касцёла быў пачастунак, потым святочная латарэя, танцавальны конкурс і абявязкова шматлікія сустрэчы, размовы і новыя знаёмствы. Фэст на Святую Тройцу ў Касцюковічах зрабіў яго ўдзельнікаў «трошачкі бліжэй» да Бога.

   
Абноўлена 28.05.2018 11:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця