Пошук

12.11.2018 14:09   Тэкст і фота: Ала Іртова / Catholic.by

11 лістапада парафію Святой Тройцы ў Касцюковічах наведаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB.

У гэты дзень у парафіі адзначылі дзень нараджэння пробашча ксяндза каноніка Андрэя Далянскага.

Біскуп у сваім казанні, звяртаючыся да прыкладу бедных удоваў з літургіі слова, адзначыў, што яны вучаць з розумам карыстацца матэрыяльнымі рэчамі.

«Дзве ўдавы — з Першай кнігі Валадарстваў і Евангелля паводле Марка — умелі прыняць сваё ўбоства і таму ўнутрана былі вольнымі. Яны не былі прывязаныя да матэрыяльных рэчаў, а ў паўнаце даверыліся і паверылі Богу.

Жанчына з Сарэпты падзялілася з галодным прарокам апошнім куском хлеба і як узнагароду атрымала абяцанне:  „Кадушка мукі не скончыцца, і збан алею не апусцее аж да дня, калі Пан спашле дождж на зямлю“ (1 Вал 17, 14). Удава з Евангелля паводле Марка была заўважана Хрыстом і атрымала пахвалу ад самога Бога: „Гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку“ (Мк 12, 43)».

«Чаму вучыць нас сёняшняя літургія слова? — спытаў біскуп. — Па-першае, наша вера не будуецца выключна на колькасці нашых заслуг, а на велічы і дабрыні сэрца. Пытанне, якім павінен карыстацца веруючы чалавек, здзяйсняючы ўчынкі, не павінна датычыць ацэнкі таго, хто і колькі чаго зрабіў, а  чаму, дзеля чаго і для каго ўсё гэта было зроблена».

«Па-другое, наша вера мае сэнс толькі тады, калі агортвае ўсё, што маем і кім з'яўляемся. Богу трэба аддаць даслоўна ўсё, як гэта зрабіла бедная ўдава з Евангелля паводле Марка. Па-трэцяе, нават калі людзі не заўважаюць нашых добрых учынкаў, то Бог заўважае ўсё, ацэньвае гэта і будзе памятаць заўсёды. Да такой дасканаласці трэба імкнуцца ўсім нам», — заключыў іерарх.

Парафія Святой Тройцы ў Касцюковічах геаграфічна з’яўляецца самай усходняй у Беларусі. Парафіяльны касцёл — адзіная святыня на пяць прылеглых раёнаў (Касцюковіцкі, Клімавіцкі, Хоцімскі, Краснапольскі і Чэрыкаўскі).

Амаль 20 гадоў служэнне ў касцюковіцкай парафіі нясе кс. Андрэй Далянскі.

Абноўлена 12.11.2018 15:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця