19 мая ў санктуарыі святога Андрэя Баболі ў Іванаве адбыліся традыцыйныя ўрачыстасці на ўшанаванне галоўнага апекуна Пінскай дыяцэзіі. Сёлетнія ўрачыстасці мелі асаблівы характар у сувязі з 80-й гадавінай кананізацыі мучаніка.
Святкаванне пачалося каля «Крыжоў адзінства» — на месцы пачатку пакутніцкага шляху святога Андрэя Баболі на ўскраіне Іванава.
Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка благаславіў памятную шыльду пад крыжамі, якая была ўсталявана замест знішчанай вандаламі летась. Сабраныя святары, семінарысты і вернікі прайшлі працэсіяй ад «Крыжоў адзінства» да касцёла, дзе адбылася ўрачыстая святая Імша.
У гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка засяродзіў увагу вернікаў на постаці святога Андрэя як апостала паяднання паміж хрысціянамі. Іерарх узгадаў гістарычны кантэкст мучаніцтва Баболі, што яшчэ больш падкрэслівае яго заслугі як вялікага місіянера і руплівага пастыра рэлігійна занядбаных тагачасных сялян.
Звяртаючыся да духавенства, біскуп паказаў святога мучаніка як узор святара, без рэшты адданага справе евангелізацыі і клопату пра кожнага чалавека.
Пасля святой Імшы адбылася пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Пінскай дыяцэзіі.