15 мая, у вігілію ўрачыстасці святога Андрэя Баболі, галоўнага апекуна Пінскай дыяцэзіі, вернікі са шматлікіх куткоў Палесся сабраліся ў санктуарыі ў Янаве Палескім (суч. «Іванава») на традыцыйны фэст.
Святкаванне распачалося з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой сабраныя маліліся адмысловую літанію, просячы заступніцтва святога Андрэя Баболі. Таксама была прачытана літанія да святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, якому прысвечаны бягучы год у паўсюдным Касцёле.
Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з іерархам літургію канцэлебравалі святары Пінскай дыяцэзіі, а таксама святары ўсходняга абраду на чале з айцом архімандрытам Сяргеем Гаекам.
На пачатку святой Імшы біскуп Антоні засяродзіўся на постаці святога Андрэя Баболі, які нёс святло Божай праўды ў самыя аддаленыя куточкі Палесся і за сваё апостальскае служэнне на Піншчыне быў жорстка забіты казакамі.
Парафіяльная ўрачыстасць стала таксама нагодай, каб павіншаваць з юбілеем святарства ксяндза Паўла Кручэка, кусташа санктуарыя і пробашча парафіі ў Янаве. Іерарх падзякаваў святару за 25 гадоў руплівага і плённага служэння, большую частку якога ён прысвяціў Касцёлу ў Беларусі.
Гамілію прамовіў ксёндз Андрэй Рылка. Канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі звярнуў вагу сабраных на пачатак культу святога Андрэя Баболі, звязанага з цудам праз яго заступніцтва і ўратаванне палескага краю ад эпідэміі чумы напачатку ХІІІ стагоддзя. Як адзначыў святар, у ХХІ стагоддзі прыклад руплівасці святога Баболі ў справе евангелізацыі і катэхізацыі не губляе сваёй актуальнасці.
Пасля заканчэння літургіі адбылося ўшанаванне рэліквій святога мучаніка, часцінка якіх захоўваецца ў янаўскім санктуарыі.