Пошук

22.05.2018 12:51   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота (Павал Хадзінскі)

20 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Святога Духа ў гродзенскім мікрараёне Альшанка. Іерарх узначаліў у парафіі святую Імшу і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі.

Эўхарыстыя адбылася на пляцоўцы, дзе пачынаецца будаўніцтва новага касцёла.

30 гадоў таму Мітрапаліт Кандрусевіч быў пробашчам францішканскай парафіі ў Гродне, да якой належала тэрыторыя сённяшняй парафіі Святога Духа. Таму гэтая сустрэча стала ў пэўным сэнсе сустрэчай былога пробашча са сваімі былымі парафіянамі.

Звяртаючыся да вернікаў, арцыбіскуп узгадаў, што некалькі гадоў таму цэлебраваў Імшу ў гэтым мікрараёне каля маленькай прыдарожнай каплічкі. «Сёння, дзякуй Богу, ёсць вялікая, якая, аднак, ужо занадта малая, бо колькасць вернікаў з дня на дзень павялічваецца, — сказаў іерарх. — Людзі гэтага новага мікрараёна г. Гродна патрабуюць не толькі развітой гарадской інфраструктуры, але, калі так можна выказацца, і духоўнай, якая найперш павінна вызначацца касцёльнымі элементамі. Касцёл з цэглы, будаўніцтва якога пачынаецца, з’яўляецца месцам ажыццяўлення сапраўднага Касцёла, імя якому — Божы народ».

Мітрапаліт пажадаў пробашчу кс. Паўлу Салабуду і ўсёй парафіі, каб справа, якая распачалася, як мага хутчэй паспяхова завяршылася.

Таксама іерарх нагадаў, што Спасланне Духа Святога — гэта нараджэнне Касцёла. У дзень Пяцідзясятніцы, умацаваныя сямю дарамі Святога Духа, апосталы мужна выйшлі на вуліцы Ерузалема, каб абвяшчаць Хрыста ўкрыжаванага і ўваскрослага. І, як сведчаць Дзеі Апосталаў, у якіх запісана гісторыя першаснага Касцёла, шмат людзей прыняло хрост.

«Працэс евангелізацыі працягваецца. Неабходна евангелізаваць народы, якія яшчэ не пазналі Хрыста, бо каля 70% насельніцтва зямлі яшчэ не ведаюць Евангелля, — адзначыў арцыбіскуп у гаміліі. — Аднак у апошнія часы ўзнікла новая праблема: народы, якія маюць шматвяковую хрысціянскую гісторыю, адыходзяць ад веры, таму патрэбна іх новая евангелізацыя».

«Усё часцей сучаснага чалавека фарміруе не сям’я, не школа і не Касцёл, а медыя і ліберальная культура нашага часу. Імклівае развіццё навукі абяцае вырашэнне ўсіх праблем і тым самым спіхвае Бога на перыферыю жыцця, а часам нават адмаўляецца ад Яго. Жыццё таксама паказвае, што найбольш складана евангелізаваць багатых і самадастатковых людзей. Яны маюць усё і кажуць, што Бог ім не патрэбны», — дадаў Мітрапаліт.

Па словах іерарха, «крызісы сучаснасці, хаця і вельмі балючыя, могуць, аднак, саслужыць добрую службу, бо натхняюць шукаць шляхоў іх вырашэння». У духоўным жыцці «яны павінны дапамагаць чалавеку шукаць адказу на іх з дапамогай Бога».

Без Святога Духа, як падкрэсліў арцыбіскуп, «мы з’яўляемся духоўна памерлымі; Святое Пісанне — толькі гістарычная і мастацкая кніга; Імша — толькі рытуал; сужэнства — толькі легальны спосаб жыць разам і г.д». Са Святым Духам «наша вера ажывае; Святое Пісанне становіцца жывым словам Бога; Імша — жывой прысутнасцю Езуса ў Эўхарыстыі; дзякуючы Святому Духу сужэнства ўключае ў сябе Бога, які падтрымлівае, падбадзёрвае і ўмацоўвае».

«Усё тое, што мы бачым у Касцёле ў Беларусі ў апошнія 30 гадоў, уключаючы нараджэнне і развіццё гэтай парафіі, — гэта таксама дзеянне Святога Духа. Так адбываецца, бо Бог любіць нас і не дазваляе, каб нас адолелі духоўныя хваробы», — звярнуў увагу Мітрапаліт.

Звяртаючыся да тых, хто прымаў у гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, іерарх адзначыў, што ў гэтым сакрамэнце «Бог умацоўвае нашы духоўныя сілы». «Менавіта таму Езус перад сваім Унебаўшэсцем сказаў апосталам, што спашле свайго Духа, які будзе з намі ва ўсе часы і навучыць, як мы павінны паступаць. Мы ўсе патрабуем гэтай дапамогі, асабліва моладзь. І Бог праз Святога Духа прыходзіць з ёю да нас. Неабходна толькі адкрыцца на Яго і дазволіць Яму дзейнічаць», — патлумачыў арцыбіскуп.

«Не бойцеся супрацьстаяць выклікам часу! Не бойцеся плысці супраць цячэння сучасных амаральных тэндэнцый! Не дазвольце, каб у вашым жыцці быў адключаны “рубільнік” Святога Духа і стаўся Яго Blackout. Не дазвольце, каб сакрамэнт канфірмацыі стаў для вас сакрамэнтам развітання з Касцёлам, — заклікаў Мітрапаліт моладзь, якая прыступала ў гэты дзень да канфірмацыі. — Гэта сакрамэнт новага пачатку, які адкрывае новую перспектыву ў вашым жыцці».

Іерарх заахвоціў маладых людзей дазволіць Духу Святому дзейнічаць у іх і перамяняць іх, каб дзякуючы ім «змянілася аблічча нашай зямлі, каб яна была зямлёй не толькі гістарычных помнікаў архітэктуры, старажытных замкаў, вялікіх заводаў, МАЗаў і БЕЛАЗаў, усё больш папулярнага ў турыстаў Аўгустоўскага канала і г.д., але і зямлёй людзей, якія на хрысціянскіх каштоўнасцях будуюць новы свет, свет цывілізацыі любові і жыцця».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця