Пошук

16.05.2018 14:49   Мікола Гракаў / Catholic.by

Сустрэча святароў у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы распачалася з духоўнага настаўлення пробашча парафіі кс. каноніка Пятра Шарко, які ў дзень успаміну св. Андрэя Баболі засяродзіўся на асобе і духоўнасці гэтага руплівага святара, прапаведніка і мучаніка.

Андрэй Баболя адразу пасля прэзбітэрскага пасвячэння ў верасні 1622 г. прыехаў у Нясвіж, дзе на працягу года праходзіў заключны этап манаскай фармацыі — трэцюю прабацыю.

Пасля гэтага ён яшчэ на год затрымаўся пры касцёле Божага Цела ў Нясвіжы, дзе нёс служэнне рэктара гэтай святыні, першага ва ўсходняй Еўропе сакральнага будынка, узведзенага італьянскім архітэктарам езуітам Джаванні Марыяй Бэрнардоні ў стылі барока, якой духоўна апекаваліся айцы езуіты.

Арганізацыйную частку святарскай сустрэчы правёў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які таксама ўзначаліў перад гэтым цэлебрацыю Эўхарыстыі.

У гаміліі іерарх звярнуў увагу на неабходнасць імкнуцца да захавання еднасці ў Касцёле, чаму прысвяціў усё сваё жыццё святы Андрэй Баболя, прыняўшы ў імя адзінства Хрыстовых вучняў мучаніцкую смерць у страшэнных пакутах.

Падчас святой Імшы прысутныя на сустрэчы святары і кансэкраваныя асобы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама шматлікія вернікі нясвіжскай парафіі памаліліся аб здароўі для арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які не змог прыехаць у Нясвіж з-за хваробы.

Сёлета прыпадае 425-годдзе касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. За ўвесь перыяд існавання святыня не зачынялася і служыла вернікам месцам сустрэчы з Хрыстом.

2 чэрвеня ў 11.00 у Нясвіжы адбудзецца юбілейная ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста з працэсіяй Божага Цела, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Абноўлена 16.05.2018 15:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа