Святой Імшой у фарным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне завяршыліся ІІІ усебеларускія дні каталіцкай моладзі.
Усебеларускія дні каталіцкай моладзі супалі сёлета з 25-годдзем Дыяцэзіяльных дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. У сустрэчы прыняло ўдзел каля дзвюх тысяч дзяўчат і хлопцаў, а таксама семінарысты з Гродна і Пінска.
Праграма сустрэчы ўключала ў сябе малітоўную частку, прэзентацыю дыяцэзій, размову з біскупамі і выступленне каталіцкіх музычных гуртоў.
Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які цэлебраваў св. Імшу на заканчэнне моладзевага форуму, даверыў Богу моладзь Беларусі і ўсіх арганізатараў сустрэчы, валанцёраў і гасцінных гродзенцаў, якія прымалі на начлег пілігрымаў.
«Малюся за ўсіх вас – моладзь і нашу Беларусь. Малюся за ўсіх, хто шукае сваю дарогу, каб гэта была дарога Хрыстовая – дарога з Богам, – адзначыў іерарх. – Успомнім у малітве таксама тых маладых людзей, якія шукаюць сябе за межамі краіны, каб вярнуліся на Радзіму».
Звяртаючыся да Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, іерарх падкрэсліў, што якраз тут, у Гродне, пачынаўся шлях арцыбіскупа – яго праца, пакліканне і служэнне.
Як адзначыў біскуп, з Гродна і яго ваколіцамі звязаны біяграфіі ўсіх членаў епіскапату Беларусі, бо кожны з іх калісьці вучыўся або жыў тут.
«Гродзенская зямля запрашае нас дакрануцца да вытокаў веры – веры нашых бабуляў і дзядуляў, якія збераглі яе і перадалі нам, – сказаў біскуп. – Вельмі важна, што мы сабраліся тут і сёння можам адчуць гістарычную місію гэтага касцёла – дакраніцеся да гэтых сцен і прыслухайцеся да іх гісторыі».
Біскуп падкрэсліў, што «наш дыялог з Хрыстом як найлепшым сябрам толькі пачынаецца, адгукаючыся малітоўным рэхам у сэрцы». Прысутнасць Хрыста жывая і верная ў Эўхарыстыі, а для кожнага з нас Эўхарыстыя з’яўляецца неўміручай крыніцай сілы.
Іерарх заклікаў адчыніць дзверы душы Хрысту, прыгадваючы словы св. Яна Паўла ІІ, які заахвочваў «адчыніць свае дзверы насцеж – дзверы на мяжы дзяржаў і людскіх сэрцаў».
Як адзначыў біскуп Юзаф Станеўскі, некаторыя сёння пагарджаюць Хрыстом, але «не трэба губляць надзеі: наша вера супрацьстаіць нявер’ю іншых».
«Паўтараючы словы Апостальскага Нунцыя, хачу яшчэ раз звярнуцца да вас, дарагая моладзь: Касцёл у Беларусі верыць у вас, бо вы пакліканыя з Марыяй да ласкі Божай – у Касцёле і з Касцёлам», – сказаў біскуп.
«Вы распачынаеце будаваць свой дом – памятайце, што кожны Папа Рымскі, кожны біскуп і святар, вашыя бацькі і ўсе мудрыя людзі не будуць выступаць супраць вашай веры».
Напрыканцы гаміліі біскуп заахвоціў моладзь «устаць з духоўнай канапы і не баяцца дзяліцца Хрыстом у сабе з іншымі».
«Маці Божая, Каралева Беларусі, маліся за нас», – завяршыў сваю гамілію іерарх.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на заканчэнне Імшы заахвоціў моладзь падтрымліваць свой малітоўны дух, які яна паказалі на Усебеларускай сустрэчы моладзі.
«На тры дні Гродна стаў каталіцкай сталіцай Беларусі. Запомніце гэты момант. Вы – моладзь Хрыста. Ганарыцеся гэтым!» – заключыў іерарх.Пасля Імшы адбыўся канцэрт праслаўлення гурта PILIGRIMS са Смаргоні.
Афіцыйна
Паводле даных партала Grodnensis.by, у сустрэчы прымала ўдзел каля 115 чалавек з Віцебскай дыяцэзіі, каля 130 – з Пінскай, каля 310 – з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і больш за 1300 – з Гродзенскай дыяцэзіі.