29 красавіка ў мінскай саборнай мячэці прайшлі красавіцкія чытанні на тэму «Ісламскія традыцыі ў выхаванні падрастаючага пакалення».
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства, арганізаванага Мусульманскім рэлігійным аб’яднаннем у Рэспубліцы Беларусь і Беларускім грамадскім аб’яднаннем татараў «Зікр Уль-Кітаб», праз свайго прадстаўніка кс. каноніка Францішка Рудзя звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт і Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі не меў магчымасці асабіста ўдзельнічаць у чытаннях, паколькі ў той самы дзень выехаў у Гродна, дзе распачалася III сустрэча беларускай каталіцкай моладзі.
На пачатку скіраванага ўдзельнікам чытанняў слова каталіцкі іерарх зазначыў, што праблема выхавання моладзі і падрастаючага пакалення з’яўляецца адной з найбольш надзённых.
«Вялікую заклапочанасць выклікае тое, што маладыя людзі часта бываюць безабаронныя перад абліччам згубных спакусаў, такіх як алкаголь, наркотыкі, неўпарадкаванае сексуальнае жыццё, маральная разбэшчанасць, імкненне да ўзбагачэння любым коштам, спажывальніцтва, эгаізм і гэтак далей.
Часта аўтарытэтам для маладых людзей з’яўляецца не старэйшае пакаленне, а інтэрнэт. Іх выхоўвае не столькі сям’я, школа ці ўніверсітэт, колькі сацыяльныя сеткі», — з трывогай канстатаваў пастыр сумную рэчаіснасць. Адначасова ён звярнуў увагу на пэўную сімвалічнасць таго, што, калі ў Гродне распачынаецца III сустрэча каталіцкай моладзі Беларусі, тым часам у Мінску праходзяць мусульманскія красавіцкія чытанні, таксама прысвечаныя выхаванню моладзі.
«Гэта знак нашага часу, калі розныя веравызнанні клапоцяцца аб належным, перадусім духоўным, выхаванні падрастаючага пакалення, якое перажывае шмат крызісаў і не абаронена ад негатыўных уплываў сучаснай секулярнай культуры», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Кажучы пра заданні Касцёла ў працы з моладдзю, іерарх засяродзіўся на неабходнасці духоўнага выхавання падрастаючага пакалення.
«Падобныя заданні стаяць і перад прадстаўнікамі іншых веравызнанняў, бо ўсе мы ўсведамляем свой агульны абавязак духоўнага выхавання моладзі з мэтай супрацьстаяць распаўсюджванню амаральнасці, якая вядзе да рознага роду злачынстваў», — падкрэсліў іерарх, які лічыць місію выхавання моладзі на духоўных традыцыях першасным заданнем Касцёла.
Гаворачы пра каталіцкі падыход да справы выхавання, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на падставе вучэння Касцёла сцвердзіў, што першым выхавацелем моладзі з’яўляецца сям’я, якая сама павінна быць моцнай і будаваць сваё жыццё на духоўных каштоўнасцях. Ён не абмінуў выхаваўчага задання школы, вышэйшых навучальных установаў і ўсяго грамадства, зазначыўшы пры гэтым, што «дзяржава таксама павінна прымаць актыўны ўдзел у гэтым фундаментальным працэсе, ад якога будзе залежаць наша будучыня».
«У сувязі з гэтым неабходна з усёй сур’ёзнасцю задумацца над увядзеннем рэлігійнай адукацыі ў навучальных установах, перадусім у школе, каб выхаванне маладога чалавека ўключала ў сябе і духоўны элемент з мэтай яго гарманічнага развіцця», — зрабіў выснову арцыбіскуп, падкрэсліўшы пры гэтым, што адсутнасць рэлігійнага выхавання вядзе да духоўнай і маральнай дэградацыі чалавека.
«Падобнай пазіцыі прытрымліваюцца і іншыя сусветныя рэлігіі, якія маюць шматвяковы досвед у выхаванні маладога пакалення. Толькі тады, калі мы ўсе разам будзем прысвячаць як мага больш увагі належнаму выхаванню моладзі, уключаючы ў яго духоўны элемент, мы зможам выхаваць добрую змену тых, хто будзе будаваць будучыню нашай краіны, каб яна была вядома не толькі як краіна высокаразвітой навукі і тэхналогіі, але і сумленных людзей, якія жывуць паводле высокіх маральных прынцыпаў.
Выхаваны на духоўных каштоўнасцях чалавек, без сумнення, будзе добрым грамадзянінам», — напісаў у заканчэнні Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт, пажадаўшы ўдзельнікам красавіцкіх чытанняў поспеху ў іх правядзенні.