З 14 па 15 красавіка ў цэнтры Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas у вёсцы Ляскоўка, што пад Мінскам, адбылася сустрэча адказных за Федэрацыю Еўрапейскага скаўтынгу, або так званы «Федэральны ўік-энд». Сустрэча сабрала адказных за каталіцкі скаўтынг з Германіі, Люксембурга, Бельгіі, Літвы, Украіны і Беларусі.
Правёў сустрэчу Федэральны камісар Марцін Хафнэр. Ад Беларусі ў сустрэчы прынялі ўдзел Генеральны камісар скаўтак Юлія Чарніцкая, Генеральны камісар скаўтаў Павел Бельскі і яго намеснік Уладзіслаў Мацельскі, Нацыянальны камісар скаўтак Вольга Гарашэвіч, Нацыянальны душпастыр каталіцкіх скаўтаў і скаўтак Беларусі а. Лех Баханэк.
«Сустрэча прысвечана падрыхтоўцы да Федэральнай асамблеі, агульнаеўрапейскай сустрэчы кіраўнікоў Федэрацыі Еўрапейскага скаўтынгу, якая адбудзецца ўвосень. Мы хочам абмеркаваць розныя пытанні, якія датычацца асноўных дакументаў Федэрацыі, працы з адказнымі і развіцця каталіцкага скаўтынгу ў Еўропе», — адзначыў у інтэрв’ю «Радыё Марыя» Марцін Хафнэр.
На ўік-энд да адказных за каталіцкі скаўтынг Еўропы завітаў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.
«Калі б 25 гадоў таму мне сказалі пра скаўтаў, я б адказаў, што не ведаю, хто гэта такія. Сёння ж нельга ўявіць сабе Касцёл без іх», — падкрэсліў іерарх.
Пра тое, як праходзіла сустрэча кіраўнікоў Федэрацыі Еўрапейскага скаўтынгу, а таксама інтэрв’ю з Федэральным камісарам Марцінам Хафнэрам можна пачуць у эфіры «Радыё Марыя» 21 і 22 красавіка ў 14.10.