Пошук

09.04.2018 11:34   Фота: Паўліна Барадзевіч / Catholic.by

Парафію Маці Божай Ружанцовай у Мінску (Лошыца), на тэрыторыі якой будуецца санктуарый Божай Міласэрнасці, у нядзелю Божай Міласэрнасці наведаў арцыбіскуп Габар Пінтэр — Апостальскі нунцый у Беларусі.

У гэты дзень іерарх цэлебраваў тут святую Імшу, падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі.

«Дарагія ўдзельнікі сакрамэнту канфірмацыі, сёння вы становіцеся сведкамі Хрыста і місіянерамі Уваскрослага Езуса.

Гэта азначае, што ў вас пацвярджаецца і ўмацоўваецца ласка хросту з поўняй дару Святога Духа, каб больш актыўна ўдзельнічаць у хрысціянскім жыцці і несці святло Евангелля ў сваё асяроддзе», — зазначыў іерарх.

Прыгадваючы радкі з Евангелля, арцыбіскуп дадаў, што варта прыгадаць словы Хрыста, сказаныя апосталам: «„...Я пасылаю вас“, калі дыхнуў і сказаў: „Прыміце Духа Святога“. Для іх гэта стала місіяй прабачэння і прымірэння, для вас — заданнем расці ў веры, надзеі і любові і запрашэннем больш працаваць для Госпада і для бліжніх».

Перажываць «Тыдзень Святога Тамаша» — гэта і надзея на новае

Прыгадваючы апостала Тамаша, які не паверыў, пакуль не ўбачыў, Апостальскі нунцый звярнуўся да моладзі:

«Часам вы адчуваеце сябе ўдалечыні ад Бога, ад Яго Сына і ад Касцёла. Вам здаецца, што вы згубілі веру, што вас цікавяць толькі матэрыяльныя рэчы і што толькі тыя існуюць у свеце.

Ведаеце, часам такое здараецца і з намі, дарослымі: перажываць „Тыдзень Святога Тамаша“ — гэтыя цёмныя моманты адзіноты, адчаю, але і надзеі на тое новае, што напаўняе нашыя сэрцы.

У чым заключаецца хрысціянскае сведчанне, якое пасля прыняцця сакрамэнту патрабуе ад нас яшчэ большага старання? Як напісана ў кнізе Дзеяў, апосталы, дзякуючы дару Святога Духа, „былі адзіныя сэрцам і душою, (...) з вялікай моцаю давалі сведчанне пра ўваскрасенне Пана Езуса“. Адным словам, яны жылі як браты і сёстры, але не на словах, а на самой справе».

«Шаноўныя бацькі, хросныя і катэхэты, дарагія браты і сёстры, давайце нашым прыкладам і нашай вернасцю Евангеллю дапамагаць гэтым умілаваным сынам і дочкам», — заахвоціў іерарх.

«Магутнасць Бога — у міласэрнасці»

Прыгадваючы ва ўрачыстасць Божай Міласэрнасці святую Фаўстыну Кавальскую, Апостальскі нунцый прыгадаў радкі з яе дзённіка.

«Няхай ніводная душа не баіцца наблізіцца да Мяне, нават калі яе грахі будуць, як пурпура. У гэты дзень адкрытыя глыбіні маёй Міласэрнасці, Я выліваю цэлае мора ласкаў на душу, якая набліжаецца да крыніцы маёй Міласэрнасці», — так запісала словы Хрыста святая Фаўстына.

«Магутнасць Бога ў поўні праяўляецца ў Яго Міласэрнасці, — заўважыў іерарх. — Каб скарыстацца гэтым, патрэбен наш актыўны ўдзел. Пане Езу, у надзеі на Тваю Міласэрнасць, просім: дапамагай нам расці ў сапраўднай любові да Цябе і да бліжніх. Мы хочам быць Тваімі вернымі вучнямі і разлічваем на Тваю дапамогу», — заключыў іерарх.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця