У апошні сакавіцкі вечар з асвячэння новага агню, які, сваім полымем прагнаўшы змрок, стаў сімвалам святла Уваскрослага Хрыста, што рассеяла цемру граху і смерці, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі распачалася Пасхальная вігілія. Цэлебрацыю галоўнай хрысціянскай урачыстасці ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
«Святло Хрыстова», — тройчы праспяваў дыякан, уносячы запалены пасхал — сімвал Уваскрослага Хрыста — у цёмны касцёл, які неўзабаве асвятліўся сотнямі запаленых ад яго свечак. З гэтымі свечкамі ў руках шматлікія ўдзельнікі Вігіліі — начнога чування — аднавілі абяцанні святога Хросту, праз які атрымалі ад Уваскрослага Хрыста дараванне грахоў і дар вечнага жыцця.
Аднаўленне хросных абяцанняў адбылося пасля пранікнёнай гаміліі арцыбіскупа Кандрусевіча, які заклікаў вернікаў, ідучы за ўваскрослым Хрыстом, сапраўдным хрысціянскім сведчаннем заўсёды выказваць сваю радасць і веру ва ўваскрасенне. Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт нагадаў, што над уваходам у пустую грабніцу Езуса ў Ерузалеме напісаны словы з Евангелля паводле Лукі: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос» (пар. Лк 24, 5–6).
«Гэтыя словы Святога Пісання з’яўляюцца вельмі важнымі і актуальнымі ў наш час, калі чалавецтва не ўпэўнена ў сваёй будучыні і занепакоена заўтрашнім днём, бо яны даюць новую надзею», — падкрэсліў іерарх.
Нягледзячы на шматлікія складаныя выклікі сучаснага свету, пастыр упэўнена сцвердзіў:
«Надзея ёсць, і яна ва ўваскрослым Езусе, бо Пасхальная таямніца змяняе свет, і мы маем магчымасць быць удзельнікамі гэтай станоўчай змены».
Ва ўрачыстай Вігіліі ў Святую ноч кожнае слова і кожны абрад былі напоўнены гэтай незнішчальнай надзеяй.
Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2018 >>>
На заканчэнне цэлебрацыі арцыбіскуп традыцыйна павіншаваў на розных мовах усіх, хто падзяляе надзею, падараваную ўваскрослым Хрыстом, і пажадаў:
«Ласкі ўваскрослага Езуса, Яго святла і благаслаўлення, моцнай веры і любові Бога і бліжняга ўсім нам і нашай Бацькаўшчыне Беларусі, каб яна з дня на дзень уваскрасала да новага жыцця».
Гэтыя віншаванні пачулі не толькі вернікі, сабраныя ў мінскай архікатэдры, але і шматлікія тэлегледачы, якія ўдзельнічалі ў Вігіліі дзякуючы трансляцыі, арганізаванай галоўным тэлеканалам краіны «Беларусь 1», а таксама мелі магчымасць далучыцца да яе на прасторах СНД дзякуючы тэлеканалу «Мір» і ва ўсім свеце дзякуючы спадарожнікаваму тэлеканалу «Беларусь 24».